"Лекар ставіў крыж": пратэстовец, якому адарвала частку ступні, атрымаў пратэз

Георгій Сайкоўскі ў калясцы
Георгій Сайкоўскі ў калясцы

Георгій Сайкоўскі — 34-гадовы мінчук. 10 жніўня ён апынуўся ў раёне станцыі метро "Пушкінская", дзе пасля прэзідэнцкіх выбараў праходзіла адна з акцый пратэсту. Натоўп няўзброеных людзей, які ўзнік стыхійна, сілавікі пачалі разганяць пры дапамозе святлошумавых гранат. Менавіта ў тым разгоне загінуў Аляксандр Тарайкоўскі, а Георгій атрымаў сур'ёзнае раненне — "траўматычную ампутацыю дыстальнага аддзела правай ступні".

Лячэнне ў Беларусі, допыты следчых, ад'езд з краіны і рэабілітацыя ў Польшчы — праз гэта давялося прайсці мужчыну на працягу некалькіх месяцаў. І толькі нядаўна ён змог паўнавартасна хадзіць: атрымаў доўгачаканы пратэз. Еўрарадыё пагутарыла з Сайкоўскім, каб даведацца пра яго самаадчуванне, рэабілітацыю і планы на будучыню.

Георгій да падзей мінулага лета працаваў некалькі гадоў у Расіі: грузчыкам, прадаўцом-кансультантам, адміністратарам у хостэле. Аднак у перыяд выбарчай кампаніі вярнуўся ў Беларусь.

Мужчына прызнаецца, што ні пра што не шкадуе. Па яго словах, ён быў абавязаны выйсці на пратэст супраць вынікаў выбараў.

"9 жніўня чакаў. У той дзень ужо не было інтэрнэту, але можна было даведацца інфармацыю з "Еўраньюз". Памятаю, гляджу вынікі экзітполаў — а там пад 80 адсоткаў [за Лукашэнку. — Еўрарадыё]. У цябе ўнутры проста ўсё выбухае. Сябры адгаворвалі выходзіць, але ў мяне не было іншай дарогі. Разумею, што мог быць на месцы Тарайкоўскага, мог трапіць пад катаванні на Акрэсціна... Але ў мяне ўкралі мой голас, проста насмяяліся з мяне", — успамінае Сайкоўскі.

10 жніўня недалёка ад Сайкоўскага выбухнула святлошумавая граната. Аскепкам, які прыляцеў яму ў красовак, яму адарвала два пальцы. Людзі пасадзілі яго ў першую машыну, якая папалася, і адвезлі ў бальніцу, дзе ён правёў 51 дзень.

У час лячэння "наведвалі" Сайкоўскага і следчыя.

"Размова зводзілася да аднаго: "Ці не маглі вы атрымаць раненне ад гранаты, якую кінулі пратэстоўцы?" Або: "А можа, у вас яе кінулі з акна?" Яшчэ і тэлефон канфіскавалі", — расказвае Сайкоўскі.

Георгій падаваў заяву ў СК на завядзенне крымінальнай справы, але атрымліваў толькі адпіскі: "Справа ад Следчага камітэта Кастрычніцкага раёна перайшла ў Следчы камітэт Фрунзенскага раёна — і ўсё".

Затое яго самога хацелі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, аднак з 1 лістапада ён знаходзіцца ў Польшчы. Спачатку жыў два месяцы ў рэабілітацыйным цэнтры для пацярпелых у пратэстах беларусаў, а пазней — у сяброў.

"Лекар, які быў у рэабілітацыйным цэнтры, спачатку паставіў на мне крыж: маўляў, ніякі пратэз табе не належыць. Але пазней знайшоў іншага спецыяліста — артапеда. Ад Беларускага дома ў Варшаве [грамадскае аб'яднанне. — Еўрарадыё] атрымаў накіраванне і паехаў на абследаванне. Той ужо сказаў, што магчымыя каля 50 відаў пратэзаў. Пазней ужо меў зносіны з пратэзістам, які выбраў два варыянты: альбо здымны пратэз, альбо трэба ўкарочваць нагу. Я, вядома, выбраў першы варыянт. Праз месяц пратэз ужо быў гатовы".

“Врач ставил крест”: протестующий, которому оторвало часть стопы, получил протез

У найбліжэйшых планах Сайкоўскага паступіць у Польшчы на праграму Каліноўскага — стыпендыю для рэпрэсаваных беларусаў. Мужчына ўжо сустракаўся з кіраўнікамі праграмы і цяпер выбірае факультэт: "Хачу паступіць альбо на "Эканоміку і фінансы", альбо на "Спартыўны менеджмент".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі