Вы тут

"Ледзь не апазіцыйная літаратура": як пенсіянерку затрымалі за вершы Купалы

Нават беларускіх класікаў цяпер лічаць "апазіцыйнымі"

Раніцай 26 лютага ў Мінску затрымалі пенсіянераў, якія чыталі ў электрычцы кнігі беларускіх аўтараў. Адна з затрыманых, Алена Лебядзінская, распавяла tut.by пра тое, што адпушчаная з ІЧУ на Акрэсціна яна была ў суботу, а 2 сакавіка адбудзецца суд.

Распавядаючы пра сваё затрыманне, Алена адзначыла: больш за ўсё пытанняў у міліцыянтаў выклікалі кнігі, якія яны чыталі.

Нам паведамілі, што гэта ледзь не апазіцыйная літаратура. Але ў мяне з сабой быў зборнік вершаў Янкі Купалы. У іншых пасажыраў я таксама бачыла толькі класіку. У кагосьці Гілевіча, у кагосьці Коласа, У кагосьці Караткевіча. Міліцыянты сказалі, што нам рабіць няма чаго, хто-то на нас зарабляе грошы. А мы лепш бы шкарпэткі вязалі.

Ніякай сімволікі з сабой у Алены не было, толькі вокладка для пашпарта з арнаментам і надпісам "пашпарт беларусачкі". Пры гэтым у пастанове аб накладанні арышту на маёмасць пазначана, нібыта яна крычала "Жыве Беларусь" і была апранутая ў бел-чырвона-белую вопратку, што таксама не так.

— Нас здымалі на камеры, і на запісе відаць, што я ў бел-чырвона-белым я не была, — падкрэсліла пенсіянерка.

Нягледзячы на ўзрост, больш мяккага стаўлення на Акрэсціна Алена не дачакалася: у шасцімеснай камеры было 13 чалавек, а ёй, якая перажыла выдаленне падстраўнікавай залозы, не далі нават кавалачак хлеба.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.