Леанід Гозман: За размовамі пра інтэграцыю хаваецца жаданне захапіць Беларусь

Леанід Гозман: За размовамі пра інтэграцыю хаваецца жаданне захапіць Беларусь

Усе размовы пра неабходнасць паглыблення інтэграцыі Беларусі і Расіі неабходныя для таго, каб не выдаць жаданне кіраўніцтва Расіі банальна анексаваць Беларусь — зрабіць яе часткай Расіі. Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё заявіў расійскі палітык Леанід Гозман.

“Трэба разумець, што калі яны [расійскія ўлады. — Еўрарадыё] кажуць пра "інтэграцыю", “паглыбленне”, “развіццё” і гэтак далей, то яны маюць на ўвазе менавіта гэта — проста захапіць Беларусь, далучыць да сябе. Магчыма, у іх ёсць для гэтага эканамічныя падставы і яны хочуць захапіць у вас тое, што яшчэ не захапілі, але галоўная прычына для гэтага ў іх — унутрыпалітычныя падставы. Уладзіміру Пуціну трэба неяк вырашаць праблемы да 2024 года — яму трэба застацца пры ўладзе. І адзін са спосабаў — стварыць новую дзяржаву, перарэгістраваць, перафарматаваць яе. Гэта будзе новая Расійская Федэрацыя, у складзе якой будзе Беларусь, і ён зможа наноў балатавацца ў прэзідэнты.

Вось для чаго можа спатрэбіцца анексія Беларусі. Калі яны пойдуць гэтым шляхам, то будуць старацца зрабіць усё мірна — яны ж не садысты, якім падабаецца праліваць кроў, яны робяць гэта толькі па неабходнасці. Але я думаю, што варыянт сілавы яны таксама разглядаюць”, — кажа Леанід Гозман.

Па словах расійскага палітыка, кіраўніцтва Расіі сёння не марыць пра аднаўлення СССР. Праблема ў тым, што ў Крамлі не здольныя ўспрымаць Беларусь і Украіну незалежнымі дзяржавамі.

“Наша кіраўніцтва не можа змірыцца з тым, што дзве славянскія краіны — Украіна і Беларусь — не "нашы". Для іх межы Расіі праходзяць па заходніх межах Беларусі і Украіны — вы для іх не замежжа. Вы для іх — частка Расіі. І таму ніколі людзі, якія зараз знаходзяцца ў Расіі пры ўладзе, не змогуць гаварыць з Беларуссю як з незалежнай дзяржавай. Гэтак жа, як яны не могуць гэтага рабіць з Украінай”.

Адзінае, што можа спыніць Крэмль ад анексіі Беларусі — гэта выразна выказаны з беларускага боку намер усімі магчымымі сродкамі бараніць незалежнасць сваёй краіны. Толькі пагроза панесці “непапраўныя страты” можа спыніць Пуціна ў яго намеры анексаваць Беларусь, перакананы Леанід Гозман.

Цалкам размову з Леанідам Гозманам можна паслухаць тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі