Лазавік: Перайсці на мажарытарна-прапарцыйную сістэму можна ўжо вясной

Лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч заявіў учора, што не выключае магчымасці правядзення парламенцкіх выбараў па мажарытарна-прапарцыйнай сістэме. На думку Гайдукевіча, у правядзенні такіх выбараў зацікаўленыя Камуністычная і Аграрная партыі, якія і цяпер прадстаўленыя ў парламенце.

Еўрарадыё звярнулася за каментаром да сакратара Цэнтрвыбаркама Мікалая Лазаваіка.

“Я ўпершыню пра гэта чую. Аднак права змяняць выбарчую сістэму належыць заканадаўцу, то бок парламенту. Магчыма, у спадара Гайдукевіча ёсць нейкая новая інфармацыя. Але пакуль Цэнтрвыбаркам пра якія-небудзь ініцыятывы па змяненні выбарчай сістэмы і пра нейкія такія дзеянні нічога не ведае. Таму для нас гэта навіна”.

Па словах Мікалая Лазавіка, унесці падобную ініцыятыву на разгляд у парламент можа і дэпутат, і прэзідэнт.

“Спадар Гайдукевіч можа ўнесці падобную ініцыятыву. Для гэтага спачатку трэба распрацаваць змены і дапаўненні ў выбарчы кодэкс, або новы выбарчы кодэкс. Затым неабходна правесці экспертызу, унесці праект на разгляд Палаты, зацвердзіць у Савеце рэспублікі і аддаць на подпіс прэзідэнту. Працэдура дастаткова доўгая, але, магчыма, спадар Гайдукевіч ужо гатовы да гэтай працэдуры. Калі ўсё гатова, то цягам асенне-вясенняй сесіі ўсё гэта можна зрабіць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі