Лазавік абяцае не рэгістраваць Статкевіча, а палітык пагражае ЦВК судом

Цэнтрвыбаркам не зарэгіструе кандыдатам у дэпутаты аднаго з лідэраў “Еўрапейскай кааліцыі” Міколу Статкевіча. Як паведаміў Еўрарадыё сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, гэта звязана з тым, што палітык меў судзімасць.
Мікалай Лазавік: “Статкевіч нават сам абурыўся, што яго ініцыятыўную групу зарэгістравалі. Ён сказаў: “На якой падставе, я ж судзімы”. Ну, яму адказалі, што ён зарэгістраваў ініцыятыўную групу, а не кандыдата Статкевіча. А пры рэгістрацыі кандыдатам, яму ўжо будзе адмоўлена, паколькі ён мае непагашаную судзімасць”.

Аднак сам Мікола Статкевіч усё ж мае намер зарэгістравацца кандыдатам. Еўрарадыё датэлефанавалася да палітыка ў той момант, калі ён здаваў свае подпісы.

Мікола Статкевіч: “Я падаю на рэгістрацыю для таго, каб мне адмовілі, каб я меў падставы пайсці ў суд і там аспрэчыць адмову. Згодна з Канстытуцыяй, я адназначна маю права балатавацца, згодна з выбарчым — не. А Канстытуцыя мае прыярытэт”.

Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі Міхаіл Пастухоў пацвердзіў Еўрарадыё, што ў галоўным законе краіны няма такой нормы, якая б забараняла чалавеку з судзімасцю ўдзельнічаць у выбарах. Праўда адзначыў, што Канстытуцыю ў гэтым пытанні дапаўняе Выбарчы кодэкс. А згодна з ім, такая забарона ўсё ж ёсць.

Міхаіл Пастухоў: "Згодна з Канстытуцыяй можна. Але абмежаванне канстытуцыйных правоў магчыма ў законе. Такім законам у дачыненні да выбараў з’яўляецца Выбарчы кодэкс”.

Разам з тым, Міхаіл Пастухоў адзначыў, што сапраўды можна ставіць пытанне пра адпаведнасць Канстытуцыі гэтага артыкула Выбарчага кодэкса. І калі гэта ўдасца зрабіць Статкевіча, то гэта будзе першы падобны выпадак.

Фота: "Радыё Свабода"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі