Лаута: Мае сантэхнікі прыходзяць на працу ў гарнітуры і пры гальштуку

Пра рэфармаванне сістэмы ЖЭС у Беларусі Еўрарадыё гутарыла з дырэктарам "Арэса-Сэрвіс ЖЭС" Аляксеем Лаутам.

Еўрарадыё: У Беларусі камунальна-бытавое абслугоўванне манапалізавана дзяржаўнай сістэмай ЖЭС. Ці трэба прыватызаваць ЖЭСы? І ці змогуць фірмы кшталту вашай стаць ім альтэрнатывай?


Аляксей Лаута: Мы не будзем яе прыватызаваць. І альтэрнатыву ствараць не будзем.
Сітуацыя заключаецца ў тым, што ўсе новыя дамы (пачынаючы з 2004 года) праходзяць праз стварэнне "таварыства ўласнікаў". І той, хто замаўляе будаўніцтва, гэта значыць забудоўшчык да моманту ўводу дома ў эксплуатацыю, ужо фармуе юрыдычную асобу - таварыства ўласнікаў (ТУ).


І ўжо гэта юрыдычная асоба (ТУ) мае права вырашаць, з якой формай кіравання і абслугоўвання ім жыць. Ці то скласці дамову з абслугоўваючай арганізацыяй ЖРЭА, куды ўваходзяць ЖЭСы, ці то займацца самаабслугоўваннем, ці то дэлегаваць нейкія функцыі такой арганізацыі, як наша.


Распавядзіце падрабязней пра вашу арганізацыю. Што такое "Арэса-Сэрвіс ЖЭС"?


Аляксей Лаута: Гэта прыватная кампанія, юрыдычная асоба, якая займаецца аказаннем пэўнага віду паслуг. У дадзеным выпадку мы ўзялі на сябе тэхнічнае абслугоўванне інжынерных сетак - гэта ацяпленне, каналізацыя, вадаправод, электраабсталяванне і вентыляцыя.


Для абслугоўвання гэтых сетак патрэбныя атэставаныя спецыялісты. Калі для ўборкі атэстацыя не патрэбная, то людзі, якія адказваюць за цеплавую і электрагаспадарку, павінны праходзіць штогадовую праверку ведаў у Энерганаглядзе.


Уборкай і навядзеннем парадку можа займацца іншая кампанія. Напрыклад, таварыства ўласнікаў бярэ на працу сабе працоўных па комплекснай уборцы ўнутры і знадворку будынкаў… Або яно можа ўзяць сабе ў штат інжынера (атэставаўшы яго ад сваёй арганізацыі ў "Энерганаглядзе"), электрыка і сантэхніка.


А што робіць ЖЭС?


ЖЭС у дадзеным выпадку выступае як звычайны падрадчык. То бок можа прапанаваць паслугі па ўборцы ці па касавым абслугоўванні, і па абслугоўванні сетак.


Што з дзяржаўнымі кватэрамі?


Іх як раз і абслугоўваюць тэрытарыяльныя ЖЭСы.
У нас склалася такая практыка, калі ў 50-60-я гг. кватэры былі ўсе дзяржаўныя або ведамаснай прыналежнасці, і іх давалі людзям па ордэрах, мінуў час, адпрацаваў добра 15-20 гадоў - вось табе аднапакаёвая каморка. Калі ты больш заслужаны чалавек - на табе 5-пакаёвую кватэру. І ўсе аднолькава абслугоўваюцца тэрытарыяльным ЖЭС. Людзі плацяць нейкія грошы, і ім і падлогу памыюць, і лямпачку ўкруцяць… Цяпер сітуацыя змянілася, сацыяльнае жыллё сыходзіць у мінулае.


Жылы фонд сёння большай часткай прыватызаваны. Дзяржаве там ужо, напрыклад, не прыналежыць ніводнай кватэры, але дзяржава за кошт бюджэту працягвае ўтрымліваць гэтыя дамы. Сродкі, неабходныя на ўтрыманне гэтых дамоў, значна большыя, чым тое, што вызначана існуючымі тарыфамі і г.д. Гэту розніцу пакрываюць з бюджэту. Дзяржава адной рукой забірае ў кагосьці і другой рукой датуе ўсіх жыхароў.


Атрымліваецца такі ўтрыманскі настрой - заплаціў нейкія невялікія грошы, і жадаеш, каб тваю пяціпакаёвую кватэру "аблізвалі". Каб прыходзіў сантэхнік, электрык, на тую мізэрную зарплату, якую ён можа атрымліваць па штатным раскладзе, які існуе ў ЖРЭА.


Ці хапае сантэхнікаў, якія працуюць у дзяржаўных ЖЭСах?


Аляксей Лаута: У ЖРЭА працуе ў сярэднім адзін сантэхнік на 40 дамоў. Уявіце, што можа сантэхнік, які абслугоўвае 40 дамоў? Яму, каб наведаць адзін дом, дапусцім, патрэбна гадзіна часу… Калі ён прыйдзе да вашага дома?
Я наогул ніяк не хачу асацыявацца з дзяржаўным ЖЭСам. Мы аказваем нейкую частку паслуг, прычым аказваем іх па дамове. Мы прапануем таварыству ўласнікаў скласці з намі дамову на частку паслуг, якія неабходныя для існавання гэтага дома. І таварыства пагаджаецца або не. Калі дамовіліся, то з пэўнага моманту мы пачынаем рабіць працу.


Гэта значыць, калі апісаць сітуацыю проста, атрымліваецца - або людзі будуць больш плаціць, але ў той жа час атрымаюць лепшы сэрвіс, або будуць плаціць менш, але тады павінны ўлічваць, што сантэхнік, груба кажучы, зможа да іх кватэры і не дайсці…


Не факт, што будуць плаціць больш. Тут усё залежыць ад таго, што ёсць ва ўласнасці ў гэтага таварыства. Іншая справа, што я, таварыства ўласнікаў, ЖЭСы, мы ўсе знаходзімся не ў роўных умовах па гаспадаранні…


Я аказваю паслугі больш прафесійна. Таму што я гэтым займаюся ўвесь час, увесь час ідзе навучанне і інжынернага складу і абслуговага персаналу. Што можа быць у арганізацыі, якая аднойчы наняла сабе сантэхніка, у якога няма ніякага росту? Ён штосьці як у мінулым ведае… Потым ён сышоў на пенсію, і што рабіць?


Уявіце, што сантэхнік ці электрык працаваў на паўстаўкі ў гэтай структуры і пайшоў у адпачынак ці захварэў… Хто будзе абслугоўваць?


Маючы дамову з юрыдычнай асобай, старшыня не хвалюецца - у адпачынку я ці яшчэ дзе… Хоць сам дырэктар ідзі і круці гайкі, калі трэба штосьці вырашаць. Плюс, у сантэхніка ці электрыка ў звычайным доме, калі ён пачынае працаваць, у яго можа не быць інжынернай падрыхтоўкі. А нашы дамы цяпер даволі складанай канструкцыі. У падвалах - цэлыя заводы па падрыхтоўцы гарачай вады, ацяплення… Як звычайны сантэхнік гэта ўсё можа ахапіць? Тут патрэбны інжынер, які давядзе нейкія неабходныя звесткі да сантэхніка.


Гэта значыць, калі мы хочам сучаснаму будынку даць сучаснае якаснае абслугоўванне, значыць, там павінны працаваць атэставаныя і граматныя спецыялісты. Што не заўсёды магчыма пры самаабслугоўванні.
Я, на жаль, не магу бясплатна абслугоўваць дамы. А розніцу ў абслугоўванні вы бачыце - фінансавая, вядома, у мяне ў мінусе, таму што я бяру больш грошай, інакш я абанкрочуся. Але якасць абслугоўвання ў мяне загадзя вышэйшая. Таму што ў мяне адбываецца пастаянны маніторынг ведаў маіх працаўнікоў. Яны ўвесь час прымаюць новыя дамы, атэстуюцца…


Я так разумею, што цяпер ёсць тэндэнцыя, калі ў новых дамах людзі, хутчэй, выбіраюць, каб іх абслугоўвалі арганізацыі накшталт вашай, а не дзяржаўныя ЖЭСы?


Не зусім так. У людзей як раз склалася такая сістэма поглядаў, што можна ні пра што не думаць, калі мы аддадзімся бліжэйшаму тэрытарыяльнаму ЖЭСу, а там усё зробяць. І менш трэба будзе плаціць, і ўсё будзе танней…
Але гэта памылка. Нельга аддацца ЖЭСу. Наша заканадаўства не дазваляе групе таварышаў у доме проста сказаць - мы хочам у ЖЭС. Па-першае, павінна быць таварыства ўласнікаў… І яно бярэ на абслугоўванне юрыдычную асобу. У дадзеным выпадку ЖЭС выступае як звычайны падрадчык… Усё адно ўсе фінансавыя пытанні праводзіць праз сябе менавіта таварыства ўласнікаў гэтага дома.


Але, на жаль, у нас у краіне і новыя будынкі выхітраюцца нейкім чынам адразу паставіць на дзяржаўную датацыю. Па ідэі, гэтага не павінна быць. Ствараецца таварыства ўласнікаў, і яно ўжо складае дамову са ЖРЭА, любой прыватнай арганізацыяй… Але якім чынам яно адразу трапляе ў сістэму ЖРЭА, для мяне гэта загадка.


Ці магчымы пераход на 100% да новай сістэмы? Калі нашы старыя ЖРЭА наогул будуць не патрэбныя?


Я думаю, што супрацоўніцтва таварыства ўласнікаў з абслугоўваючымі арганізацыямі, і наогул ТУ, як форма кіравання, - гэта пераходная мадэль. Напрыклад, на захадзе таварыства ўласнікаў ствараюцца не як юрыдычная асоба, а як грамадская арганізацыя. Там нават рэгістрацыя не патрэбная. І далей ужо гэта грамадская арганізацыя можа скласці дамову з безліччу разнастайных арганізацый, якія пастаўляюць паслугі - тэлебачанне, радыё, тэлефон, цяпло, вада, газ, каналізацыя…


У нас жа выбару практычна няма. Ну вось што цяпер можа абраць юрыдычная асоба на пастаўку электраэнергіі? Энергазбыт… Па цяпле - дзве арганізацыі ў горадзе. Цеплавыя сеткі і Камунальныя сеткі. Усё. Адзінае, што ў нас яшчэ можна абраць з абслугоўваючых арганізацый - дзяржаўны ЖЭС, прыватная арганізацыя, самаабслугоўванне…
А за мяжой ёсць шмат чаго цікавага. На жаль, на 100% у нас нічога з гэтага ўжыць нельга. У нас заканадаўчая база не дазваляе да канца давесці працу…


Паколькі мы ўжо пачалі казаць пра сантэхнікаў, давайце працягнем - чым ваш сантэхнік адрозніваецца ад Жэсаўскага?


У нас складзеныя дамовы на абслугоўванне месцаў агульнага карыстання - гэта магістралі, вузлы ўліку, цеплапункты,электрашчытавыя… У самой кватэры бытавыя паслугі мы не аказваем. Жэсаўскія сантэхнікі аказваюць, але за гэта ідзе дадатковая аплата. У ЖЭС робіцца заяўка, майстар прыходзіць, складае каштарыс… Каля 600 відаў паслуг аказвае мясцовы тэрытарыяльны ЖЭС.


Чаму вы не аказваеце паслугі ў саміх кватэрах?


Па-першае, у новым жыллі нашы паслугі запатрабаваныя вельмі рэдка. І мне фінансава і эканамічна нявыгадна трымаць спецыяльна чалавека для таго, каб ён хадзіў і выконваў заяўкі ўласнікаў.


Сабекошт гэтых паслуг вельмі высокі. Мая арганізацыя пакуль не ў такім стане, каб аказваць гэтыя бытавыя паслугі… У нас яшчэ вельмі мала дамоў (каля 20) для таго, каб утрымліваць класнага спецыяліста, які прыйдзе і заменіць вам змяшальнік коштам 2000 еўра, паставіць унітазы гранітныя… Каб мець такога спецыяліста, яго трэба навучыць, падрыхтаваць, выдаткаваць на гэта грошы, паслаць яго на стажыроўку…


Мой сантэхнік, ён, вядома, не Афоня, але да такога ўзроўню яму дайсці яшчэ даволі складана. Плюс - яшчэ патрэбныя спецыялізаваныя інструменты. І калі ты запатрабаваны раз на год, то дзеля гэтага закупляць абсталяванне… Гэта вельмі складана. Таму ў мяне сярэднестатыстычны сантэхнік, які выразна ведае, што яму трэба рабіць. І робіць гэта.


А па зарплаце ваш сантэхнік адрозніваецца ад таго, які працуе ў ЖЭС?


Хутчэй, адрозніваецца па знешнім выглядзе. Я былы вайсковец, і ў мяне штораніцы - агляд. Гэта значыць я да 9-ай гадзіны прыходжу на працу, усе тут - галоўны інжынер, інжынеры, сантэхнікі... Усіх аглядаем - як яны прыйшлі на працу, у якім стане, які знешні выгляд. Вельмі часта мае сантэхнікі прыходзяць на працу ў гарнітуры. Пры гальштуку. Бяруць акуратненькі чамаданчык і ідуць па заяўках, калі яны ёсць, а калі няма то займаюцца планавай прафілактыкай.


Што да заробку, то ў мяне тое, што я зарабіў, то і магу заплаціць людзям. У мяне няма іншых крыніц фінансавання. Прыбытак можа быць мінімальны, мы можам сыходзіць практычна на нуль, пакуль не набудзем пэўную колькасць дамоў, якая дазволіць нам даць больш годную зарплату. Вядома, спрабуем паставіць такую зарплату, каб людзі трымаліся.


Цяпер існуе дыспрапорцыя паміж зарплатамі сантэхнікаў, якія стаяць на мантажы на будоўлі і нашымі. У таго сантэхніка зарплата можа адрознівацца ў 2-3 разы ў параўнанні з маім... Але камусьці трэба і ў абслугоўванні працаваць.


А выпівак мы не трымаем. Нам важны імідж фірмы. Таму знешні выгляд адрозніваецца. Ад нашага супрацоўніка не вее спіртным.


У жыроўках, якія нам прыходзяць, ёсць пункт "тэхабслугоўванне". І часта ЖЭСы не могуць дакладна назваць, што менавіта туды ўваходзіць… Што ж гэта такое?


З самога тэрміна "тэхнічнае абслугоўванне" зразумела, што гэта абслугоўванне тэхнікі, сетак, тое, што патрабуе менавіта тэхнічных ведаў. Ну, якія тэхнічныя веды патрэбныя на тое, каб памыць пятачок каля ліфта? Але, тым не менш, яно ўваходзіць у тэхнічнае абслугоўванне! Вось закруціць лямпачку, дзе ты можаш падвергнуцца ўдару электратоку - гэта ўжо тэхнічны момант. Абслугоўванне ліфтаў - так, гэта тэхнічнае абслугоўванне. А памыць акно - дзе тут тэхнічны момант?


У ЖЭСах ведаюць, што такое тэхнічнае абслугоўванне, гэтаму ёсць выразнае азначэнне. Іншая справа, што ў дакументах могуць быць розныя тлумачэнні…


А ці патрэбнае нам наогул міністэрства ЖКГ? За мяжой такіх міністэрстваў няма…


Таму што там няма дзяржаўнага жылля, а ў нас ёсць. Пакуль ёсць дзяржаўнае жыллё, па ідэі, павінна быць і міністэрства.


Вось у вёсцы - якое там трэба міністэрства? Вёска - гэта куча хат. Там ёсць мясцовы распарадча-выканаўчы орган - мясцовы сельскі савет, напрыклад. Які кажа, што вуліцы трэба прыбіраць, і ён бярэ на сябе частка абавязкаў. Усё астатняе робіць гаспадар - абкошвае траву, абнаўляе фасады будынкаў, уцяпляе свой дом. Там ніхто не патрабуе, ну не зможаш уцяпліць - будзеш жыць у холадзе. А ў гарадах чамусьці вырашылі, што павінен нейкі дзядзька прыйсці і штосьці зрабіць.


Цяпер дзяржава ідзе да таго, што ў доме павінен быць уласнік. А ўласнік ужо сочыць за тым, каб у яго было зроблена шкленне, уцяпленне, прыбраная вуліца… Навошта тады міністэрства, што яму рабіць у гэтым доме, у якім ёсць уласнік і які цалкам рыхтуе гэты дом да жыццядзейнасці?

З 6 па 13 чэрвеня ў межах "Народнай праграмы" будзе працягвацца дыскусія на тэму рэфармавання сістэмы кіравання жылфондам. Яе зможа наведаць кожны ахвочы.

Фота:santehnik-h.blogspot.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі