Вы тут

Латушка: 20 снежня апублікуем першыя матэрыялы па фальсіфікацыі на выбарах

Павел Латушка / Еўрарадыё

У масавых фальсіфікацыях на прэзідэнцкіх выбарах у жніўні 2020 года прынялі ўдзел больш за 40 тысяч чальцоў выбарчых камісій. Такую лічбу назваў кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка

"Хтосьці пайшоў на злачынства свядома, хтосьці па ідэалагічных матывах, хтосьці пад ціскам і страхам. Аднак незалежна ад матыву гэта ўсё адно злачынства", — кажа Латушка. 

У якасці доказаў фальсіфікацый ён спасылаецца на звесткі, размешчаныя на платформах "Зубр" і "Голас". Цяпер гэтыя звесткі пераносяцца на платформу Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў (АКРЗ) і апрацоўваюцца юрыстамі для далейшай падачы спраў у суд.

"За парушэнне выбарчага заканадаўства прадугледжаная як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць. Ад штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў", — канстатуе Латушка. І нагадвае, што супраца з правасуддзем лічыцца змякчальным фактарам.

Ён звяртаецца да чальцоў выбаркамаў, якія займаліся фальсіфікацыямі, і прапаноўвае ім пайсці на супрацу з правасуддзем.

"Магчыма, вам пра гэта "забыліся" паведаміць, калі заклікалі ўкідваць бюлетэні, падрабляць подпісы чальцоў камісіі, фальсіфікаваць пратаколы або наогул іх не вывешваць. Магчыма, вам гарантавалі недатыкальнасць і заступніцтва. Але грамадзяніна Лукашэнкі ніколі не займалі пытанні бяспекі і дабрабыту каго б там ні было акрамя свайго. У адлятаючым самалёце не хопіць месца сілавікам і фальсіфікатарам. І ўжо сапраўды ніхто не можа абараніць вас ад вачэй соцень тысяч беларусаў, якія ведаюць аб вашым злачынстве, аб вашай датычнасці да крывавага тэрору і генацыду, да масавых катаванняў, арыштаў і, на жаль, забойстваў", — заяўляе Латушка.

Ён анансуе, што 20 снежня на платформе АКРЗ будзе апублікаваны першы спіс адкрытых матэрыялаў праверкі. У яго ўвойдуць у тым лім ліку і імёны чальцоў участковых выбаркамаў, "якія не з'явіліся для супрацоўніцтва з правасуддзем".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.