Лагвінец: Улады вернуцца да спробаў дыялогу з ЕС

Еўрарадыё: Як можна ахарактарызаваць стан цяперашніх беларуска-еўрапейскіх адносін?

Алесь Лагвінец: Як вельмі кепскі. Прычына – унутраная палітыка беларускіх уладаў і нежаданне будаваць адносіны паводле прызнаных у сённяшняй Еўропе правілаў. Гаворка пра павагу да еўрапейскіх каштоўнасцяў, рынкавых прынцыпаў, узятых на сябе абавязкаў, пра прававую дзяржаву, якая сёння адсутнічае.

Еўрарадыё: Маючы такія кепскія адносіны цяпер, якая верагоднасць, што яны паляпшацца сёлета ці, скажам, у наступным годзе? Ці ёсць шанец вярнуць іх, прынамсі, на той узровень, які быў пару гадоў таму?

Алесь Лагвінец: Пакуль існуе краіна Беларусь і Еўрасаюз зацікаўлены ў адносінах з ёй, як адным з суседзяў – шанец ёсць. Пляцоўка для развіцця адносін існуе, проста беларускія ўлады не хочуць ступіць на яе.

Сёння аднаўленню дыялогу перашкаджаюць два асноўныя фактары. Першы – наяўнасць палітычных зняволеных, людзей, асуджаных у выніку палітычна матываваных судовых працэсаў. Другі – агульнае стаўленне беларускіх уладаў да дэмакратычных працэдураў. Калі з боку беларускіх уладаў не будзе пераканаўчых сігналаў, што яны пачынаюць прытрымлівацца прызнаных у ЕС правілаў гульні, то еўрапейскіх палітыкаў будзе цяжка пераканаць у тым, што дыялог варты таго.

Разам з тым, адносіны ЕС з беларускай грамадзянскай супольнасцю не спыніліся. Сёння ў ЕС ёсць большае ўсведамленне, што без большай колькасці людзей, якія глядзяць у бок ЕС, дыялог з уладамі будзе вельмі малаплённым і ўсё роўна будзе заходзіць у тупік. Пакуль у Беларусі няма моцнага ціску знізу на ўлады, каб яны развівалі паўнавартасныя адносіны з ЕС, праца з беларускімі ўладамі не будзе мець вялікага эфекту.

Еўрарадыё: Кажучы пра беларускія ўлады, мы маем на ўвазе палітычную волю аднаго чалавека, ці сістэму ў цэлым?

Алесь Лагвінец: І першае, і другое. Ёсць палітычная воля аднаго чалавека, які шмат у чым вызначае паводзіны і сёння знаходзіцца ў пастцы, у якую сам сябе загнаў. Ён не хоча ісці на кампрамісы. Гэта яго палітычны кампраміс – усё ці нічога. З іншага боку, сістэма збудаваная вертыкальна, яна не дастасаваная да паўнафарматных адносін. Але думаю, на сярэднім узроўні ёсць даволі істотная колькасць людзей, якія б хацелі нармалізацыі адносін, якія бачаць сваю як эканамічную, так і палітычную выгаду ва ўмацаванні еўрапейскага вектару. Я не казаў, што сістэма маналітная, так як яе падае прапаганда. Адназначна, ёсць частка людзей ва ўладзе, якія перажываюць з прычыны самаізаляцыі.

Еўрарадыё: Еўрадэпутаты і еўрачыноўнікі паўтараюць, што нармалізацыя адносін магчымая толькі ў выпадку вызвалення палітычных зняволеных, колькасць якіх перавышае 40 чалавек. Ці будзе ЕС моцна стаяць на гэтай пазіцыі ці не будзе такім прынцыповым?

Алесь Лагвінец: Расчараванне ЕС у дыялогу, які быў у 2008 – 2010 гадах, даволі вялікае. Таму наўрад ці беларускім уладам цяпер будуць верыць на слова. Наколькі прынцыповыя ўмовы будуць – вызваленне ўсіх палітычных зняволеных адразу ці паступовае – адказаць складана. Як грамадзянін Беларусі, які падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці, я б хацеў, каб беларускія ўлады адразу выканалі ўсе ўмовы. Як сведчыць сітуацыя 2008 года, калі ўлады спрабавалі наладзіць дыялог з ЕС, яны будуць малымі кавалачкамі паслабляць сваю пазіцыю. І ўвесь гэты час будзе вялізны прапагандысцкі лямант, што гэта сама Еўропа рухаецца наперад.

ЕС на сёння не маналітны, і пэўнае поле для манеўра беларускія ўлады маюць. Хоць сітуацыя ў нечым і ідзе па спіралі, цяпер яна дайшла да пэўнага пункту напалу. Поле для манеўру звузілася, і цяпер беларускія ўлады, так ці інакш, будуць вяртацца да спробаў дыялогу. Пры гэтым кажучы адваротнае, яны будуць, прынамсі, часткова рабіць тое, чаго патрабуе аб'яднаная Еўропа.

Еўрарадыё: З пачатку ліпеня Польшча пераймае старшынства ў Савеце міністраў ЕС на наступныя паўгода. Ці прыўнясе гэта новы подых у беларуска-еўрапейскія адносіны?

Алесь Лагвінец: Старшынства ў Савеце міністраў важнае, але пасля ўступлення ў сілу Лісабонскай дамовы, яно ў сферы замежнай палітыкі не мае такога вялікага значэння, як раней.

З аднаго боку, яно відавочна значыць, што будзе захоўвацца высокі інтарэс да таго, што адбываецца ў Беларусі, беларускае пытанне будзе на парадку дня. МЗС Польшчы будзе адным з цэнтраў, які прапануе рашэнні па Беларусі.

З іншага боку, істотных зменаў падчас польскага старшынства чакаць не варта. Істотныя змены мусяць адбыцца менавіта ў Беларусі, а не звонку. І зараз унутры краіны яны пачынаюць адбывацца. Але, ці пяройдуць у іншую якасць, сказаць цяжка.

Беларускія ўлады, як дарэчы і расійскія, у нечым зневажаюць фактар супольнага прыняцця рашэнняў у ЕС, яны шмат у чым разлічвалі будаваць адносіны сам-насам з асобнымі сталіцамі – Вільняй, Рыгай, Рымам, Берлінам...

Дзеянні беларускіх уладаў – разгон і рэпрэсіўная палітыка – прывялі да вельмі цікавай сітуацыя, калі Беларусь апынулася пад пільным поглядам. У выніку папярэдняга дыялогу ў 2008 – 2010 гадах ЕС больш уцягнуўся ў беларускія справы. Сюды прыязджалі еўрапейскія міністры, якія рабілі адпаведныя заявы. А пасля 19 снежня адбылося вялікае расчараванне. І яно выклікае натуральнае жаданне, падштурхоўвае еўрапейскіх палітыкаў нешта зрабіць у дачыненні да Беларусі.

Еўрарадыё: Нядаўна адбыўся канфуз вакол памежнай бязвізавай дамовы паміж Беларуссю і Польшчай. Нечакана аказалася, што Лукашэнка падпісаў дамову яшчэ ў мінулым снежні. Але па дыпламатычных каналах Беларусь пра гэта Польшчы не паведаміла. Гэта прымусіла апошнюю меркаваць, што пагадненне ляжыць не падпісанае. Хто зацягвае ўступленне ў сілу бязвізавых дамоўленасцяў з Літвой, Латвіяй і Польшчай?

Алесь Лагвінец: Гэты прыклад – добрае адлюстраванне тактыкі беларускіх уладаў. Д'ябал заўсёды ў дэталях. Беларускія ўлады блакуюць працу дамоўленых рэчаў, чапляючыся за дэталі. Гэта пры тым, што ў дамове польскія палітыкі пагадзіліся на несіметрычныя ўмовы, на рэгістрацыю палякаў па прыездзе ў Беларусь. А гэта – старая савецкая практыка, бо ў краінах Шэнгена рэгістравацца не трэба.

Беларускія ўлады не хочуць паскараць памежныя бязвізавыя працэсы, стараюцца як мага іх зацягнуць. Яны не хочуць большых кантактаў паміж беларусамі і грамадзянамі ЕС. Прынамсі хочуць, каб яны адбываліся па іх уласных правілах. Большыя кантакты нашых грамадзян з заходнімі суседзямі ў сярэдняй перспектыве беларускім уладам нявыгадныя. Відавочна, што колькасць некантралюемых уладай людскіх кантактаў з цягам часу перарасце ў якасць.

Еўрарадыё: Працягваючы тэму віз і завяршаючы дыскусію, калі беларусы будуць плаціць за шэнгенскія візы менш?

Алесь Лагвінец: Найвялікшая віна за візавую праблему ляжыць на беларускіх уладах. Але і ў Еўрасаюзе ёсць пэўныя перашкоды, як працэдурныя, так і палітычныя. Сёння ЕС не гатовы да рэвалюцыйных крокаў у візавым пытанні. На тле эканамічнага крызісу і беспрацоўя там расце падтрымка кансерватыўных і нават скрайне правых палітычных сілаў.

Гэтыя перашкоды не дазваляюць прыйсці да хуткага рашэння гэтай праблемы. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў ЕС мог бы зрабіць аднабаковае змяншэнне аплаты за візу, даслаць такі сігнал грамадству. Але не пайшоў на гэта. Можа, было разуменне, што беларусы яшчэ не ў стане ўсвядоміць і пазітыўна ўспрыняць такі сігнал.

Хуткага рашэння тут не будзе. З іншага боку, трэба шукаць ключ вырашэння ў пэўных еўрапейскіх сталіцах, якія хочуць спрыяць большым кантактам паміж Беларуссю і ЕС. Трэба памятаць, што гэта пытанне не сённяшняга і не заўтрашняга дня.

Увогуле, калі ў Беларусі будзе дэмакратычны ўрад, то Еўрасаюз даволі хутка пойдзе на падпісанне пагаднення аб спрашчэнні візавых працэдур і змяншэння кошту да 35 еўра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі