Лагвінец абяцае беларусам BRUTT-альную выбарчую кампанію

Лагвінец абяцае беларусам BRUTT-альную выбарчую кампанію

Сумясціўшы пікет па зборы подпісаў за сваё вылучэнне кандыдатам у дэпутаты з канцэртам Лявона Вольскага, Алесь Лагвінец парушыў выбарчае заканадаўства. Так трактуе “спеўны пікет” старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Ярмошына: “Цяпер пікеты — якія музыканты, я не зразумела? Збор подпісаў ідзе, ніякай агітацыі! Ніякіх музыкантаў не павінна там быць. Вы цяпер кажаце пра тое, што там вялася актыўная перадвыбарчая агітацыя. Ёсць жа парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, якая падчас гэтага можа падключацца ўзмацняльная апаратура. Так што, давайце размяжуем: збор подпісаў — гэта адно, а музыка і размовы ў мегафон, доўгія і гучныя — зусім іншае”.

Намеснік старшыні Руху “За свабоду” Алесь Лагвінец парушэння не бачыць:

“Якая агітацыя? Калі мы заклікаем падпісацца — гэта агітацыя? Падчас ранейшых выбараў стаялі на пікетах людзі з мегафонамі, і ніхто ніякіх папярэджанняў не рабіў. То бок, гэта ўсё лухта. Я вельмі рады, што канцэрт выклікаў такі рэзананс, і гэта самае галоўнае”.

Як павінен выглядаць пікет па зборы подпісаў, у заканадаўстве дакладна не прапісана, сцвярджае эксперт у выбарчым праве Сяргей Альфер. Галоўнае патрабаванне — каб падчас пікета не было агітацыі галасаваць на выбарах за канкрэтнага чалавека, расказаў пра яго праграму. Форма правядзення пікета заканадаўствам не рэгулюецца.

“Калі не было заклікаў: “Галасуйце за такога!” — няма праблем. Як няма праблем і ў выпадку, калі былі заклікі: “Падпісвайцеся за такога!” — гэта акурат і ёсць пікет, які збірае подпісы”, — кажа эксперт.

 Дарэчы, падчас “спеўнага пікета” за Лагвінца падпісалася сто чалавек. А ўсяго за час кампаніі па зборы подпісаў за яго вылучэнне кандыдатам у дэпутаты выказаліся звыш 1500 жыхароў выбарчай акругі.

“Баяцца, што іншыя кандыдаты будуць запрашаць Вольскага, Міхалка, іншых забароненых музыкантаў, — разважае Лагвінец. — Вольнае слова, вольнае паветра, як сказаў Лявон, будзе пашырацца на ўсю краіну. А гэтага яны больш за ўсё баяцца”.

29 ліпеня на пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі Алесю Лагвінцу вынесенае папярэджанне, ужо другое. Ці можа гэта ў выніку пагражаць яму адмовай у рэгістрацыі, сёння сказаць немагчыма. Але з гэтай нагоды прыгадваю выбары 2010 года. Тады ў Мінску на пікетах у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Уладзімера Някляева спяваў Зміцер Вайцюшкевіч. І Някляеву за гэта нічога не было. Аднак кандыдата ў дэпутаты мясцовых саветаў Вольгу Карач знялі з выбараў за фаер-шоў з рыцарамі і сярэдневяковымі танцамі на пікеце ў яе падтрымку.

Тым не менш, распавядае Алесь Лагвінец Еўрарадыё, ужо сёння ён накіраваў запрашэнне выступіць на сваім пікеце Сяргею Міхалку. Але, кажа, кампанія па зборы подпісаў завяршаецца 31 ліпеня, але калі яго зарэгіструюць кандыдатам у дэпутаты, то канцэрт лідара BRUTTO можна будзе правесці у межах агітацыйнага пікета. Калі, праўда, Міхалок пагодзіцца.

Фота: Еўрарадыё, open.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі