Квадратны метр капрамонту каштуе 150 долараў

Пакуль невядома, ці застанецца ў жыроўках плата на капрамонт, калі жыхарам прыйдзецца браць крэдыты на “аднаўленне” дома. Міністэрства ЖКГ прапанавала ўраду перагледзець умовы правядзення капрамонтаў. Усё будуць аплочваць самі жыхары, дзеля чаго ім прапануюць крэдыты. Пакуль ні ў Міністэрстве ЖКГ, ні ў аддзеле па рамонце жыллёвага фонду Мінгарвыканкаму не ведаюць, які банк і пад якія зніжкі будзе выдаваць гэтыя крэдыты. Адзінае, што вядома дакладна –грошы, якія з 2000 года ішлі на капрамонт, будуць улічвацца пры афармленні крэдыту (а гэта амаль 500 долараў) - так сказаў галоўны інжынер Галоўнага вытворчага ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі Мінгарвыканкаму Віктар Вараб’ёў.

Начальнік аддзела па рамонце жыллёвага фонду Мінгарвыканкаму Аляксандр Рабцаў расказаў Еўрарадыё, што на агульным зборы жыхароў дома будзе вырашацца, рабіць капрамонт за ўласныя грошы ці не. У выпадку, калі хоць адна сям’я адмовіцца, ніякіх рамонтных работ праводзіцца не будзе. Тады ёсць два шляхі: дом яшчэ гадоў дваццаць працягне чакаць сваёй чаргі, пакуль стане зусім непрыглядным, ці назаўсёды застанецца ў першапачатковым выглядзе.

На пытанне Еўрарадыё, ці застануцца вылічэнні на капрамонт у “жыроўцы” пасля таго, як жыхар возьме на яго крэдыт, чыноўнік адказаў своеасабліва.

Аляксандр Рабцаў: Вы няправільна разумееце ўсё гэта, таму давайце пакінем без каментарыя. Усё ж робіцца для таго, каб людзі самі маглі прыняць удзел і паскорыць гэты працэс, і не больш таго.

Як даведалася Еўрарадыё, сёння капітальны рамонт аднаго квадратнага метра каштуе 150 долараў. Па падліках інстытута “Белжылпраект”, сярэдні кошт капрамонту дома старэй за 30 гадоў складае 60% ад кошту новапабудаванага жылля. За рамонт у двухпавярховых дамах 60-х гадоў камунальшчыкі ўвогуле не хочуць брацца: квадратны метр тут каштуе 800 долараў!

Аляксандр Рабцаў: Пры такіх вялізарных затратах немэтазгодна іх увогуле рамантаваць: прасцей пабудаваць новае жыллё. Таму сёння некаторыя з іх рамантуем поўнасцю ці часткова, а некаторыя зносім. Такія дамы для нас сапраўдны галаўны боль, таму ў канцы года плануем правесці аўкцыён. Шчыра кажучы, відаць, нічога добрага з гэтага не атрымаецца.

Грошы на капітальны рамонт (прыкладна 70 долараў у год) сёння збіраюцца з усіх не залежна ад таго, набылі яны сваю кватэру год таму ці ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. У першую чаргу сабраныя сродкі ідуць на тыя дамы, якім больш за ўсіх патрэбен рамонт. Дарэчы, яшчэ ў 90-х “Белжылпраектам” быў распрацаваны перспектыўны план капітальнага рамонту, якога сёння і прытрымліваюцца камунальшчыкі.

Больш за ўсяго не пашанцавала першым шчасліўчыкам капрамонту: ім зрабілі мінімум (памянялі санвузел, трубы) і развіталіся з імі яшчэ на гадоў 20-30. Сёння ў гэтых кватэрах нічога не нагадвае пра візіт рамонтнікаў: старыя вокны, трубы, праводка, але план па дакументах выкананы.

Зараз у сталіцы капітальны рамонт найбольш ідзе ў Фрунзенскім раёне.

Аляксандр Рабцаў: Сёння там рамантуецца 100 тысяч квадратных метраў, у асноўным, гэта “хрушчоўкі”. У астатніх раёнах – прыкладна 50 тысяч.

Гэта мізэр у параўнанні з тым, што толькі ў адной сталіцы трэба адрамантаваць яшчэ 6 мільёнаў квадратных метраў (у год удаецца адрамантаваць не больш за 450 тысяч квадратных метраў).

На вуліцы Чырвонай, 3 першы пад’езд быў ў творчым бязладдзі тры гады! Толькі ў верасні мінулага года пачалі нешта рабіць, але нараканняў з боку жыхароў шмат.

Тамара Васільеўна (жыхарка дому па вуліцы Чырвоная, 3): Мы пакутуем з-за адсутнасці добрых вокнаў. Дрэва, з якога яны зробленыя, само па сабе не дрэннае, але за 54 гады яно настолькі спарахнела, што паміж шыбамі можна прасунуць палец, а вечарам, калі выключаеш святло ў кватэры і яна асвятляецца з вуліцы, тады відаць па перыметры ўсё акно.

Тамара Васільеўна звярталася і ў ЖЭС, і ў Мінгарвыканкам, і нават напісала ў Адміністрацыю прэзідэнта. Адказ усюды аднолькавы – вокны прыгодныя, і мяняць іх не трэба.

Тамара Васільеўна: У нас большасць жыхароў рабілі рамонт за ўласныя грошы. Я не ведаю, куды пайшлі грошы, адпушчаныя на рамонт. Ведаеце, калі казаць адкрыта – гэты рамонт кожнаму гаспадару ўляцеў у капеечку: калі трубу трэба працягнуць – плаці, зрабіць нейкае паглыбленне - таксама плаці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі