Курс долара ў Беларусі залежыць ад кошту нафты

Сітуацыю на валютным рынку Еўрарадыё каментуе старэйшы аналітык “Альпары” Вадзім Іосуб.

Дэвальвацыя тэнге паўплывае на Беларусь негатыўна, але слаба

“Калі там будзе сапраўды плаваючы курс, то тэнге, які сёння пераляцеў сваё раўнаважнае значэнне, у найбліжэйшыя дні можа і скарэктавацца ў бок памяншэння. На Беларусі гэта адаб’ецца мала, бо аб’ём узаемнага гандлю ў нас адносна нізкі. Моцна гэта не закране, але ўплыў будзе безумоўна негатыўны. Беларуская прадукцыя ў Казахстане стане даражэйшай, калі яе мераць у тэнге, таму і так невялікі экспарт у Казахстан можа знізіцца”.

Долар у Беларусі расце праз падзенне расійскага рубля

“Гэта рэакцыя на адчувальнае падзенне расійскага рубля. Яго кошт ставіць рэкорды адносна долара і еўра. У нас па апошніх мерках долар і еўра падаражэлі, а расійскі рубель знізіўся. Нягледзячы на тое, што долар і еўра паказалі чарговыя гістарычныя максімумы, у цэлым беларускі рубель умацаваўся да кошыка валют на 0,2%”.

Беларускі рубель узмацняецца на фоне росту курса долара

“У валютным кошыку расійскі рубель займае трохі большую долю — 40%, а еўра і долар — па 30%. Калі б долі былі розныя было б амаль тое самае (умацаванне беларускага рубля да кошыка валют). Галоўнае, што расійскі рубель сёння ўпаў мацней да беларускага, чым выраслі кошты долара і еўра. Многія іранізуюць з гэтага, але нагоды для іроніі няма. Праз устойлівую звычку людзі сочаць за курсам долара, але для стану нашай эканомікі курс расійскага рубля мае больш важнае значэнне за курс долара”.

Пакуль будзе падаць кошт нафты, будзе расці долар

“Прагнозы вельмі простыя — пакуль будзе падаць расійскі рубель, долар у Беларусі будзе даражэць. Расійскі рубель будзе падаць да тых часоў, пакуль таннее нафта. А адказу на пытанне, як доўга будзе таннець нафта, дакладна не ведае ніхто. Характэрна, што ў Расіі выступіў віцэ-прэм’ер Дварковіч і заявіў, што нафта хутка вернецца да ўзроўню 60-70 долараў за барэль. Пры гэтым учора ж напярэдадні дэвальвацыі тэнге выступіў прэзідэнт Казахстана Назарбаеў і сказаў, што Казахстану трэба рыхтавацца да доўгатэрміновага кошту нафты ў 30-40 долараў за барэль. Версіі наконт дынамікі нафты самыя розныя, і нам трэба прывыкаць да таго, што, не з’яўляючыся нафтавай дзяржавай, Беларусь аказалася вельмі моцна залежнай ад сусветных коштаў на нафту”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі