Вы тут

Ксёндз Барок: “Праз маўчанне мы страчваем Бога і губляем чалавека ўнутры нас”

Беларусы святкуюць рэлігійнае свята / Еўрарадыё

Вячаслаў Барок з'ехаў з Беларусі, даведаўшыся, што на яго распачалі чарговую адміністрацыйную справу. Ён ужо адбыў 10 сутак арышту ў снежні 2020 года. I вырашыў, што больш не трэба. Адносіны каталіцтва і ўлады ў Беларусі апошнім часам моцна сапсаваліся. Хтосьці дзеля таго, “каб чаго не было”, маўчыць, а хтосьці працягвае выказвацца. Але ж святар пра свае паводзіны не шкадуе. Пра што расказаў у стрыме Еўрарадыё.

— Чалавек вольны, чалавек можа ўсё. Як мае свабоду, дадзеную ад Бога, — чалавек вольны. Хоча выказвацца — можа выказвацца. Хоча прамаўчаць — можа прамаўчаць. І канешне, можна прамаўчаць з адным “але”. Калі ты, будучы святаром, не заўважаеш чалавека, які церпіць, ты губляеш чалавечнасць. Гэта такая маленькая дробязь: не бачыш чалавека побач, ты сам губляеш сваю чалавечнасць. Каб быць чалавекам у паўнаце, ты павінен заўважыць чалавека, які побач. Але не таго чалавека, рука якога цябе корміць, але таго чалавека, рука якога патрабуе тваёй дапамогі і рукі дапамогі. Вось таго чалавека. 

Таму я не перастану паўтараць. Так, я не маю праблем з тым, што хтосьці ідзе да прадстаўнікоў улады, кажа, што за іх маліцца трэба, — маліцеся. Я не маю прэтэнзій нават да тых, калі хтосьці ідзе дамоўна. Але калі пры ўсім гэтым мэтанакіравана не заўважаеш збітага, пакалечанага, абрабаванага, пакрыўджанага, забітага — ты ўжо не чалавек. 

Колькі ты можаш гаварыць прыгожых слоў, колькі ты ні кажы пра Бога, але калi ты кажаш, што не трэба лезці ў палітыку, ты проста перастаеш быць чалавекам. Кропкай. Вось гэта здольнасць убачыць насілле над іншым чалавекам, вось гэта і ёсць тая мяжа нашай прыватнай чалавечнасці. 

Праз маўчанне мы не толькі страчваем Бога, але праз маўчанне на насілле і праз апрабацыю гвалту мы губляем чалавека ўнутры нас. А так можна рабіць: хочаш маўчаць — маўчы. Але толькі згадзіся с тым, што ты ўжо не чалавек. Ты яшчэ нейкая істота, можа, яшчэ нейкая думаючая, можа, у цябе яшчэ нешта ёсць, а так ты проста не чалавек. І ўсяго толькі вось такая маленькая дробязь.

— Як вы лічыце, ці можна было святару абыходзіць нейкім чынам пытанне таго, што адбывалася падчас электаральнай кампаніі і пасля, можна ж было пропаведзі пра нешта іншае чытаць?

— Ведаеце, гэта такое пытанне, дзе трэба проста спытаць у чалавека, што ён мае на ўвазе, як вы кажаце, пра "баламуціць" і што ўвогуле мае ён на ўвазе пра палітыку. Калі я прапаведую слова Божае, я не прэтэндую заняць уладу і я не прыналежу да ніводнай палітычнай партыі, я не маю ніякіх палітычных заклікаў. Я толькі прапаведую слова Божае, для мяне няважна, як будзе называцца наш будучы прэзідэнт, якое прозвішча ён будзе мець, для мяне гэта абсалютна не ёсць важна. 

Для мяне важна, каб той, каго народ выбера і хто стане прэзідэнтам, каб ён трымаўся каштоўнасцяў Евангелля. І каб наша грамадства беларускае і наша грамадства ў будучыні будавалася таксама на прынцыпах Евангелля. Як будзе гэта, то ўсё акей. 

А якое будзе прозвішча — для мяне гэта няважна. Больш за тое, я настолькі не лезу, што, калі б нават выбралі сучасную ўладу і калі б сказалі: усё, будзем жыць без закону, адзін аднаго біць, гвалціць, але калі б гэта ўсё было б па-чэснаму. 

Але праблема ёсць у тым, што сфальсіфікавалі выбары і хочуць гэта выдаць за праўду, а вось у гэтым ёсць праблемы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.