Крышціяну Раналду дыскваліфікавалі на 4 матчы за штуршок суддзі (відэа)

Крышціяну Раналду дыскваліфікавалі на 4 матчы за штуршок суддзі (відэа)

Форварда мадрыдскага “Рэала” Крышціяну Раналду дыскваліфікавалі на 4 матчы за штуршок суддзі. Яшчэ адзін матч футбаліст прапусціць за атрыманую чырвоную картку. Здарэнне адбылося ў першым паядынку суперкубка Іспаніі, у якім у нядзелю гулялі “Барселона” і “Рэал” (1:3).

Галоўныя падзеі адбываліся ў другім тайме. На 50-й хвіліне мяч ва ўласную браму зрэзаў Жэрар Піке. На 77-й Ліянэль Месі зраўняў лік, рэалізаваў пенальці, прызначаны за знос у штрафной Луіса Суарэса (на відэа відаць, што насамрэч парушэння не было, была сімуляцыя). На 80-й Раналду, які выйшаў на замену, забіў прыгожы гол. Святкуючы поспех, ён зняў майку і атрымаў першую жоўтую картку. Праз дзве хвіліны Раналду ўпаў у штрафной сапернікаў і суддзя яму паказаў другую жоўтую і адпаведна чырвоную картку, ён палічыў, што была сімуляцыя. Але на відэа відаць, што кантакт форварда з абаронцам быў. Раз’юшаны Крышціяну штурхнуў рукой арбітра і пайшоў з поля. Трэці гол на рахунку Марка Асенсіё (90-я хвіліна).

16 жніўня каманды згуляюць у Мадрыдзе, ужо без Крышціяну Раналду. Ён прапусціць і першыя чатыры гульні чэмпіянату Іспаніі. Раналду зможа гуляць толькі пасля 17 верасня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі