Вы тут

"Крэмль не будзе ратаваць Лукашэнку другі раз" — эксперт

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін / Reuters​

Палітолаг Дзмітрый Балкунец у эфіры Еўрарадыё даў пазітыўны прагноз па развіцці палітычнага крызісу, які працягваецца ў Беларусі з лета 2020-га.

— Я б звярнуў увагу, што апошняя прамая размова Лукашэнкі з Пуціным была ў лістападзе, з тых часоў ён так з ім не размаўляў, акрамя агульнага онлайн-саміту. Два месяцы Лукашэнка не мае прамога тэлефоннага кантакту з Пуціным, а асабіста сустракаліся яны апошні раз у верасні.

Балкунец дадае, што з тых часоў Пуцін толькі адпраўляў у Мінск "пасланнікаў".

— Гэта таксама такі сігнал важны: Лукашэнка даўно не з'яўляецца тым жаданым сябрам, госцем, з якім можна весці нейкія дыялогі і перамовы.

Меркаванне ў Крамлі адносна сітуацыі ў Беларусі, паводле слоў Балкунца, відавочнае. Таму, кажа эксперт, няма і размоў з боку Масквы аб паглыбленні інтэграцыі — таму што ў Лукашэнкі няма перспектыў.

Балкунец дадае: на сустрэчы ў Сочы Лукашэнка і Пуцін абмяркоўвалі сыход нязменнага беларускага прэзідэнта, вызваленне палітвязняў і канстытуцыйную рэформу.

— Я мяркую, што тэрміны [абумоўленыя Лукашэнкам і Пуціным. — Еўрарадыё] ужо падыходзяць да канца. [...] Думаю, што Расія зацікаўленая ў максімальна хуткім вырашэнні палітычнага крызісу ў Беларусі... Улічваючы, што ў верасні ў Расіі пройдуць парламэнцкія выбары, мець гарачую кропку на сваёй мяжы наўрад ці хтосьці ў Крамлі хоча. Думаю, да таго моманту пытанне палітычнага крызісу ў Беларусі будзе закрытае. Вырашыцца ён можа толькі адным шляхам — сыходу Лукашэнкі з беларускай палітыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.