Крамы: Не можа быць, каб прыйшла праверка і не знайшла парушэнняў

“Нормы не жорсткія, проста не звяртаюць увагі. Розныя парушэнні: пратэрмінаваны тавар, неаформленыя цэннікі ці іх адсутнасць, не сочаць за рэжымам працы”, — пералічваюць Еўрарадыё найбольш распаўсюджаныя парушэнні ў Міністэрстве гандлю.

Па выніках праверак у верасні тут выпісалі 250 пратаколаў аб адміністратыўных правапарушэннях у крамах. Інспекцыі фіксуюць парушэнні па ўсёй краіне, у вёсках часцей знаходзяць пратэрмінаваны тавар, дадаюць у міністэрстве.

Прадпрыемства “БелГродТорг” атрымала штраф на 60 мільёнаў. Інспекцыя знайшла парушэнні.

“Калі прыйшла праверка, яна проста так не сыходзіць. Могуць знайсці няправільна аформленыя цэннікі, ці, напрыклад, мяняецца рэжым працы, які трэба ўзгадняць. Ды і заканадаўства няўстойлівае ў гандлі. Па тэрмінах годнасці нешта можа быць”, — тлумачаць на прадпрыемстве.

У мінскай краме каля метро “Усход” гавораць пра вялікую колькасць тавару, які ўвесь час абнаўляецца.

“Там могуць быць стандартныя парушэнні: не тыя цэннікі, нешта пратэрмінаванае на адзін дзень. Можа быць парушэнне з-за формы вопраткі. Ідэала дасягнуць немагчыма”, — расказваюць у краме. І таксама не прыгадваюць, каб праверка не знайшла парушэнняў.

Нараканняў няма ў краме, якая зачыненая, адказваюць жартам ў сетцы крамаў “Родная сторона”.

У жніўні Мінгандаль выявіў парушэнні ва ўсіх 48 аб’ектах “Белсаюздрук” і “Белпошта”, якія правяраліся: праверка знайшла пратэрмінаваны тавар. У падатковай па Першамайскім раёне Мінска таксама — амаль 100% праверак з канкрэтнымі вынікамі.

“Гэта адзінкі, калі не бывае ніякіх парушэнняў”, — падсумоўваюць у падатковай.

Фота: vidomosti-ua.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі