Краіны ЕС хочуць падоўжыць кантроль на ўнутраных межах да 2 гадоў

Краіны ЕС хочуць падоўжыць кантроль на ўнутраных межах да 2 гадоў

Краіны ЕС папрасілі Еўракамісію падрыхтаваць закон, які дазваляе падоўжыць тэрмін кантролю на сваіх унутраных межах да двух гадоў.

“Па правілах памежны кантроль на ўнутраных межах можна часова ўводзіць на шэсць месяцаў. Але наплыў уцекачоў, які вымусіў дзяржавы пайсці на гэты крок, пакуль не змяншаецца”, — заявіў дзяржаўны сакратар па бяспецы і юстыцыі Нідэрландаў Клаас Дэйкхоф.

Прадстаўнікі краінаў Еўрасаюза актыўна заклікалі Грэцыю прыняць рашучыя меры для стрымлівання наплыву мігрантаў. Раней, выступаючы ў парламенце, прэм’ер Славеніі Міра Цэрар прапанаваў размясціць паліцэйскія падраздзяленні ЕС на грэка-македонскай мяжы.

“Мы мусім усталяваць другую лінію абароны на мяжы Македоніі і Грэцыі. Краіны ЕС мусяць узяць яе пад сумесны кантроль для прадухілення нелегальнай міграцыі”, — цытуе яго словы Euronews.

Краіны ЕС хочуць падоўжыць кантроль на ўнутраных межах да 2 гадоў
Фота: politicoscope.com

Напярэдадні прадстаўнікі Еўрасаюза неаднаразова заяўлялі, што страчваюць кантроль над сітуацыяй з уцекачамі. Старшыня прафсаюза паліцыі Германіі Рэйнер Вент раскрытыкаваў дадзеныя па рэгістрацыі бежанцаў, якія прыводзіць нямецкае Міністэрства ўнутраных спраў:

“Насамрэч нават не запісваюцца імёны большасці бежанцаў, якія прыехалі ў краіну. Паліцыя паспявае толькі правяраць адбіткі пальцаў, каб зразумець, ці не зарэгістраваны ўжо той або іншы мігрант”.

Вент таксама сцвярджае, што заява кіраўніка МУС Томаса дэ Мезьера пра тое, быццам з нядаўніх часоў адмову на ўезд штодня атрымліваюць ад 100 да 200 бежанцаў, не адпавядае рэчаіснасці. Кіраўнік прафсаюза пацвердзіў, што некаторых мігрантаў не прапускаюць, але патлумачыў: гаворка ідзе пра тых, хто заяўляе пра намер накіравацца ў скандынаўскія краіны. Пры гэтым пасля атрымання адмовы яны спрабуюць праехаць у Германію на наступны дзень, што звычайна атрымліваецца, паведамляе Deutsche Welle.

Краіны ЕС хочуць падоўжыць кантроль на ўнутраных межах да 2 гадоў
Фота: BBC Mark Hutchings Twitter

Некаторыя меры кантролю за мігрантамі ў краінах ЕС усё часцей трапляюць пад шквал крытыкі. Напрыклад, брытанская кампанія, якая абавязала мігрантаў у Кардыфе насіць спецыяльныя пластыкавыя бранзалеты, адмовілася ад гэтага пасля масавага абурэння з боку грамадскасці.

Мігранты, якія шукалі прытулку ў сталіцы Уэльса, мусілі насіць чырвоныя бранзалеты, каб атрымліваць бясплатны абед. Але крытыкі гэтай сістэмы палічылі, што яна абражае чалавечую годнасць. Па іх словах, носьбіты такіх бранзалетаў могуць стаць мішэнню для абразаў.

Самі мігранты неаднаразова заяўлялі, што такая мера выклікае ў іх стрэс і робіць менш абароненымі. Яны становяцца бачнымі ўсім.

У нядзелю дэпутат-лейбарыст Джо Стывенс пацвердзіла, што дырэктар кампаніі, якую наймаў урад для забеспячэння бежанцаў абедамі, паабяцаў адмовіцца ад такой сістэмы, паведамляе ВВС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі