Косава і Сербія ўвойдуць у ЕС, але паасобку (фотарэпартаж)

Пра дэкаратыўную функцыю косаўскіх органаў улады, змаганне паміж сабой розных міжнародных грамадскіх арганізацый ды частае адключэнне электрычнасці ў Прышціне Пасля азнаямлення з сітуацыяй з’явілася такое адчуванне, што сёння ў Косава дзейнічае больш еўрапейскіх і міжнародных структур, чым мясцовых. Дакладней, што пакуль мясцовыя органы ўлады выконваюць чыста дэкаратыўную функцыю...

Нягледзячы на татальную дапамогу Косаву з боку ЕС і іншых краін свету, кіраўнік Міжнароднай крызіснай групы Петэр Палмэр (Peter Palmer), на сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Малдовы і Расіі крытычна ацаніў сённяшнюю сітуацыю ў краіне.



Петэр Палмэр: “Нават 5 з 22 двух краін Еўрасаюза не прызналі незалежнасць Косава. Я ўжо не кажу пра Расію, Кітай і вашыя краіны — Беларусь і Ўкраіну, да прыкладу. Таму міжнароднае становішча Косава вельмі складанае. І гэта мае свае канкрэтныя наступствы. Шмат міжнародных арганізацый тут працуе. Але незразумела, як яны паміж сабой узаемазвязаныя. І албанцы, і сербы выкарыстоўваюць іх, адну супраць другой. І вынік ва ўсіх галінах развіцця Косава як дзяржавы вельмі супярэчлівы”.



У той жа час ён лічыць, што зваротнага ходу працэсу незалежнасці Косава надаць ужо немагчыма.

Петэр Палмэр: “Мяркую, у Косава ёсць будучыня, як у незалежнай дзяржавы. Па-першае, я не бачу альтэрнатывы. Ніхто не прапанаваў рэалістычных шляхоў вяртання Косава ў Сербію. Ні Сербія, ні НАТО, ніхто іншы не прымусяць касавараў вярнуцца ў склад Сербіі. Сербія падала пазоў у Міжнародны суд у Гаазе, сцвярджаючы, што дэкларацыя аб незалежнасці Косава была юрыдычна нелегальнай.

Бакі прадставілі свае аргументы. І вымушаны прызнаць — сур’ёзныя аргументы гучаць з абодвух бакоў. Цалкам магчыма, што суд прыме рашэнне, якое цалкам не задаволіць ні адзін з бакоў. Калі нават суд прыме рашэнне, што сербскі бок мае рацыю і дэкларацыя аб незалежнасці была юрыдычна неабгрунтаванай, гэта не зменіць палітычнай рэальнасці. А менавіта — што Косава незалежная дзяржава”.

Больш за тое, аналітык схіляецца да думкі, што Сербія ўсё ж прызнае незалежнасць Косава.

Петэр Палмэр: "Я ўпэўнены, што Сербія прызнае незалежнасць Косава. Не думаю, што гэта адбудзецца хутка — патрэбны час, каб Сербія з гэтым прымірылася. Па вялікім рахунку, і для Косава, і для Сербіі, і для ўсяго гэтага рэгіёна найлепшае выйсце з сітуацыі — уваходжанне ў ЕС”.



Еўрарадыё пацікавілася ў кіраўніка Міжнароднай крызіснай групы, ці перашкаджае развіццю незалежнай дзяржавы Косава непрызнанне яго асобнымі краінамі, у тым ліку і Беларуссю. Вось што адказаў Петэр Палмэр:

“Наступствы непрызнання Косава пэўнымі краінамі вельмі сур’ёзныя. У першую чаргу — гэта наступствы эканамічныя, калі казаць пра страчаныя эканамічныя магчымасці і фінансавы крызіс. З эканамічнага пункту гледжання становішча Косава, мякка кажучы, праблематычнае. Гэта самая бедная і найменш развітая краіна рэгіёна. Ёй катастрафічна патрэбныя замежныя інвестыцыі. І калі патэнцыйныя інвестары глядзяць на Косава, яны бачаць нестабільную тэрыторыю з вялікай рызыкай для бізнэса. Шмат дыспутаў паміж сербамі і албанцамі: каму належыць тая ці іншая маёмасць  у краіне.

Яшчэ адно. Я казаў, што інтэграцыя ў ЕС з’яўляецца жыццёва неабходнай. Але краіну не прызналі нават усе краіны ЕС. Таму яна і не можа быць цалкам уцягнутая ў працэс інтэграцыі. З-за непрызнання Косава не можа стаць сябрам, да прыкладу, АБСЕ.  Негатыў непрызнання Косава ўплывае нават на Сербію. Зашмат энергіі Сербіі траціцца на пытанне Косава. Сербіі трэба пайсці наперад і сканцэнтравацца на сваіх іншых праблемах. Пакутуе нават уся Еўропа. Самыя вялікія праблемы Косава — карупцыя і арганізаваная злачыннасць. Тут праходзяць галоўныя магістралі кантрабанды наркотыкаў і гандлю людзьмі”.



Нагадаю, падчас сустрэчы з журналістамі кіраўнік міжнародных паліцэйскіх сілаў EULEX Рой Рыф (Roy Reeve) казаў, што яны “не знайшлі пацверджанняў” фактам гандлю людзьмі ў Косава. Петэр Палмэр выказаў свой пункт гледжання на гэтую праблему:

“Мне вельмі хочацца верыць, што EULEX знойдзе магчымасці для ўзмацнення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю. EULEX зараз у складаным становішчы — ім трэба пазбегнуць канфрантацыі і з тымі, і з другімі. Таму яны паводзяць сябе вельмі асцярожна. Але за апошнія месяцы EULEX пашырыў поле, на якім ён можа больш-менш паспяхова працаваць і паказаў некаторыя станоўчыя вынікі. Магчыма, яны нават змогуць справіцца з арганізаванай злачыннасцю. Але найбольшы іх поспех у тым, што яны рэалістычна вызначылі тыя зоны, дзе рэальна здольныя нешта зрабіць… Было б значна лепш і больш эфектыўна, каб яны прызналі тыя праблемы, з якім сутыкаюцца, замест таго, каб расказваць, як усе цудоўна”.



Вечарам, калі журналісты сядзелі ў грамадскім офісе і рыхтавалі справаздачныя матэрыялы для сваіх выданняў, раптоўна ва ўсім раёне згасла святло. Нам патлумачылі, што перабоі з электрычнасцю здараюцца ў Косава даволі часта. Нягледзячы на вялікую фінансаваю дапамогу з-за мяжы, рукі ў косаўскага кіраўніцтва да вырашэння праблемаў энергабяспекі так пакуль і не дайшлі. Праўда, вяртаючыся па начных вуліцах горада ў гатэль, ніхто на бяспеку замежнікаў не спакусіўся.




Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі