Колькі каштуе памыць пад'езд 9-павярховага дома? (Фота)

Прызнацца, у нашым доме ЖЭСа № 81 рэдкім поспехам лічыцца сустрэць дворніка са швабрай за прыборкай пад’езда. Таму я вырашыла памыць наш пад'езд сама.

На гадзінніку 10.15 раніцы. Бяру на ўзбраенне гумовыя пальчаткі “Чараўніца”, венік, мыйны сродак, вядро з анучай і вадой і шурую на лесвічную пляцоўку. Швабры ў маёй здымнай кватэры няма — звычайна неяк абыходжуся ручной мыйкай кватэры.

 
 

Перш за ўсё ўзялася за ліфт — чаго там толькі не панапісалі! Ну, паглядзець хаця б на “Я цябе кахаю”, “Гэта творчасць Ані” — узяць бы гэтую Аню, ды сабе ў падмогу драіць ліфт, можа непанадна будзе потым! Ліфт даўся адносна лёгка, за выключэннем асабліва ўедлівых фарбаў-графіці.

Ліфт з творчасцю Ганны
 

З лёгкасцю падмятаю і мыю пралёт свайго 9-га паверху. Трэба сказаць, мыць рукамі лесвічную пляцоўку — сумніўнае задавальненне.

Дайшоўшы да 8-га паверха, каля смеццеправода заўважаю кучу малу: здаецца, усё суседзі знізу вырашылі пакінуць на ласку прыбіральніка нашага дома пакеты са смеццем.

 
Просьба-таблічка, павешаная  некім  з жыхароў на ўсіх паверхах нашага дома “Калі ласка, выкідайце смецце, тут жывуць нашы дзеці” проста не працуе! Таму вырашыла прапусціць гэты паверх.
 
 
На іншых паверхах усе жыхары чамусьці смецце ў смеццеправод кідаць не грэбуюць.
 
Аднак не паспела я дайсці да 6-га, як мяне кліча пажылая дама з мініяцюрнай сабачкай.
 
“Чаму вы не памылі 8-й паверх! Іншыя паверхі памылі”, — грозна аклікае мяне жанчына. Высвятляецца, што дама спускалася з 8-га паверха дзеля мяне!
 
“Гэта ў пакаранне”, — парырую я. Пераможная ўсмешка з твару жанчыны знікае, яна не разумее, чаму дзеўчына з бруднай анучай у руках гэтак размаўляе.
 
“У пакаранне? Што гэта значыць? А дзе дворнік?” — жанчына ўжо не такая баявая сяброўка.
 
“Разумееце, на ўсіх паверхах жыхары сабралі смецце і выкінулі яго ў смеццеправод, — прызнацца, я вельмі цярплівая. — Бачылі, колькі пакетаў ля вашага смеццеправода? Калі  так — значыць ваш паверх застанецца нямытым”.
 
“А-а-а-а, — працягвае жыхарка пакаранага паверха. І нечакана з логікай карэспандэнта Еўрарадыё згаджаецца. – Ну, але ж правільна! А тое што ж гэта — не паважаць чужую працу! Свінні!” — і плаўна спускаецца ўніз.
 
Дайшоўшы да пятага паверха, я нават праз пальчаткі адчула, што вада ў вядры ўжо не вада, а проста бруд.
 
З жахам разумею, што не хачу прыбіраць ўвесь гэты бардак. Не сказаць, што ў  доме жывуць адны алкаголікі і дармаеды. Суседзі знізу і збоку маюць малых, у ліфце сустракаю інтэлігентных людзей — з даволі дарагой  туалетнай вадой, элітнымі сабачкамі і ў добрых касцюмах! Але хто тады не даносіць смецце да ўрны?
 
Са скрыпам пераадольваючы непрыязнасць, і змагаючыся з ужо ныючай паясніцай (ці жарт ўручную вымыць чатыры паверхі), бяруся за венік. З паверхаў выграбаю проста склад пяску — хоць бетон замешвай, недакуркаў цемра, яечнай шкарлупіны, і, прабачце, выкарыстанай туалетнай паперы.
 
Здаецца, мая прыборка ўжо аўтаматычная — падмесці, памыць, падмесці, памыць.
 
Больш за ўсё майму занятку радуюцца маленькія дзеці. Яны з цікавасцю назіраюць за маніпуляцыямі з венікам і анучай. Пачатак трэцяга паверха — і зноў у ваду не ўсунуць рук, здаецца, чым бліжэй да фінішу, тым больш запыленыя лесвічныя пляцоўкі.
 
 
“А што цёця робіць?” — пытаецца чарговы малы.
 
“Цёця прыбірае, каб чыста было”, — кажа жыхарка 2-га паверха. І я прашу яе наліць мне новай вады. Аднак жанчына супраціўляецца:
 
“Ну, як я буду гэта ўсё зліваць сабе?”.
У выніку, ваду я мяняла тры разы, (30 літраў) плюс кошт мыйных сродкаў і пальчатак “Чараўніца” — 10 і 16 тысяч рублёў адпаведна.
 
На 1-м паверсе выліла ваду, выкінула пальчаткі і анучу. І пайшла ў чысты пад'езд. Ці надоўга?
 
На ўсю мыйку рукамі ў мяне сыходзiць чыстыя дзве гадзіны. Зразумела, што ў дворніка няма так шмат часу, каб надаваць аднаму пад'езду столькі ўвагі. Аднак  у жыроўцы графа “Тэхабслугоўванне” ёсць, а гэта і ёсць прыборка і рамонт лесвічных пляцовак.  І мы з вамі за гэтую паслугу плацім.
Але не далей як учора па тэлевізары паказалі сюжэт, дзе  камунальнікі бодраказалі пра тое, што за якасцю аказаных паслуг можна будзе сачыць анлайн, таксама можна будзе пабачыць нават фота пад’езда. І мала таго, заключаць дадатковыя дамовы на тое, каб дом прыбіралі часцей. 
 
Знайсці здымкі свайго дома на сайце ЖРЭА № 1 Фрунзенскага раёна мне не ўдалося, затое экран якасці прыборкі памяшканняў сапраўды ёсць. Без фотак і (!) нашаму дворніку за першы тыдзень прастаўлены найвышэйшы бал, а потым проста няма ніводнай адзнакі за якасць. 
У ЖЭСе № 81, да якога адносіцца наш дом, кажуць, што ні пра якія расцэнкі ніхто не чуў:
 
“Лесвічная пляцоўка і плошчы агульнага карыстання павінны падмятацца штодзень, мыцца адзін раз на тыдзень. А пра фатаграфіі і дадатковыя платныя паслугі на тую ж прыборку, дзе адзначаецца чысціня пад’езду, мы ўвогуле першы раз чуем! Як і тое, што жыхары могуць заключыць дадатковую паслугу на прыборку памяшканняў. Самі па тэлевізары пачулі ўпершыню. Але зараз уводзіцца, што пад’езды будуць мыцца два разы на месяц — што пачнецца! Думаю, што гэта ўводзіцца, каб людзі заключалі дамову на дадатковую платную паслугу. Платная прыборка пад’езда будзе мо 5 тысяч рублёў, тады дворнікі ўвогуле адмовяцца ад гэтай працы! Але вы напішыце! Напішыце, можа хоць тады дзяржава зверне ўвагу, што ў нас тут усё развальваецца. Хто працуе на прыборцы дома — “сінякі”. Ім заробак выдай — і яны бухаюць. Людзі разбягаюцца, бо маленькія заробкі”.
 
 
Першы паверх - прыйшла пошта (фота з архіва 2013 года)
Але калі прыборка пад’езду ў тыдзень каштуе 5 тысяч рублёў, дык за год мы ні за што ні пра што аддаем дзяржаве 260 тысяч рублёў! і можам спаць спакойна – бо прыборка пад’езду на паперцы быццам бы ёсць, а фактычна няма. 
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі