Колькі каштаваў спецчартар для прэзідэнта Малдовы — камерцыйная таямніца

Колькі каштаваў спецчартар для прэзідэнта Малдовы — камерцыйная таямніца

Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон прыляцеў з працоўным візітам у Мінск звычайным рэйсам "Белавіі" з перасадкай у Маскве. Прычым у эканом-класе. А ўсё таму, што ў Малдове няма не тое што “прэзідэнцкага авіяпарка”, але і ўвогуле нейкага спецыяльнага самалёта для палётаў высокіх службовых асобаў.

“Гэта пачалося даўно, бо краіна ў нас небагатая, і, адпаведна, не думаю, што людзі паставіліся б  гэтага станоўча, калі б усе кіраўнікі пачалі лётаць на нейкіх прыватных самалётах, — тлумачыць Еўрарадыё былы прэм’ер-іністр Малдовы Уладзімір Кульмінскі. — А па-другое, да гэтага часу не зразумела, хто ў нас мае паўнату ўлады: усё яшчэ працягваецца традыцыйная для Малдовы барацьба за пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж парламентам і прэзідэнтурай. У такой сітуацыі вызначыць, якая колькасць самалётаў неабходная, было б дастаткова складана”.

Але ж можна было ў Мінск хаця б бізнес-класам ляцець, а не “эканом”!

Уладзімір Кульмінскі: “Цяпер Дадон лётае эканом-класам не для таго, каб прадэманстраваць сваю дэмакратычнасць, а каб паказаць усім у Малдове, што ён блізкі да народа. У яго цяпер няма ніякіх рэальных паўнамоцтваў, і барацьба за ўладу і за паўнамоцтвы ў Малдове толькі пачынаецца. Вырашыцца ўсё ў 2018 годзе падчас парламенцкіх выбараў. Адпаведна, людзі стараюцца максімальна нарасціць свой рэйтынг, сваю папулярнасць сярод насельніцтва, максімальна падкрэсліць сваю сціпласць і дэмакратычнасць”.

На самай справе ў сітуацыі, калі свайго самалёта ў прэзідэнта няма, для Еўропы няма нічога дзіўнага. Да прыкладу, прэзідэнты Літвы і Латвіі таксама самалётаў не маюць і лётаюць звычайнымі рэйсамі. Так, літоўскі прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ аддае перавагу авіякампаніі Aeroservisas. Прычым лётае таксама звычайным эканом-класам. Прэзідэнт Латвіі найчасцей карыстаецца паслугамі авіякампаніі АirBaltic. У Польшчы мясцовыя ўлады вырашылі адмовіцца ад уласнага авіяпарка, які быў расфармаваны 31 снежня 2011 года. З таго моманту ўсе вышэйшыя дзяржчыноўнікі Польшчы лётаюць самалётамі авіякампаніі LOT.

Іншая справа — кіраўнік Беларусі. Пры тым, што ва ўрадавы авіяпарк уваходзіць як найменей чатыры самалёты, лётаць эканом-класам Аляксандр Лукашэнка сабе дазволіць не можа. Відаць, менавіта таму ў Малдову Ігар Дадон вяртаўся спецчартарам — на самалёце "Бамбардзір" авіякампаніі "Белавія".

Хто і навошта арганізаваў гэты нятанны пералёт? Тлумачэнне з’яўляецца ў нядзелю ў вечаровым эфіры тэлеканала АНТ: "У знак таго, што дыялог атрымаўся, гасцінную беларускую зямлю Ігар Дадон пакінуў спецыяльным чартарным рэйсам".

Але колькі каштавала беларускаму бюджэту гэтая наша спецчартарная гасціннасць? Адпаведнае пытанне накіроўваем прэс-службе "Белавіі". Але айчынны авіяперавозчык называць канкрэтную суму адмаўляецца Маўляў, “кошт чартарных рэйсаў з'яўляецца камерцыйнай таямніцай”.

Тым не менш, па неафіцыйнай інфармацыі, такі чартарны пералёт можа каштаваць да 40 тысяч долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі