Коктыш: Цяпер добрая нагоды для замены сілавікоў, адказных за 19-е снежня

Еўрарадыё: Выказваюцца меркаванні, што ўлады Беларусі "могуць атрымаць карысць" ад апошніх трагічных падзеяў...

Коктыш: “Тэарытычна, так магчыма меркаваць. Але дэманстрацыя ўласнай няздольнасці вырашыць праблему, наўрад ці з гэтага магчыма выцягнуць нейкую карысць. Улада, канешне, можа пераключыць увагу з валютнай праблемы на праблему бяспекі, гэта можа быць актуальным. Але гэта толькі перакрыццё адной слабасці іншай. Таму ўлада наўрад ці стаіць за гэтай падзеяй”.

Еўрарадыё: Але такой "карысцю" можа стаць далейшае "закручванне гаек"?

Коктыш: “Мне здаецца, што "закручваць гайкі" далей у Мінску наўрад ці магчыма. Апазіцыю абвінаваціць, якая сядзіць і без таго ў СІЗА — у гэтым таксама няма ніякай рацыі. Іншае пытанне, што наступствы, тыя адміністрацыйныя захады, што будуць зроблены, з нагоды гэтага тэракту, яны могуць быць падобныя на 2008 год. І гэта ўжо вельмі цікава. Бо ў 2008-м сыйшоў Шэйман, кіраўнік Савета бяспекі, і зараз можа, калі арганізацыйныя высновы будуць такія ж, якія былі зроблены, то таксама могуць змяніцца тыя самыя сілавікі, якія, між іншым, адказныя і за 19 снежня. І фармальна прэзідэнт атрымае падставу змяніць сваю пазіцыю. Завуаліраваць сваю пазіцыю па падзеях 19 снежня, якая была да гэтага. Але гэта можна казаць пра сіметрыю мэнэджмэту пасля тэракту, але наўрад ці пра сам тэракт”.

Еўрарадыё: Дык "чысткі" ў вышэйшым беларускім кіраўніцтве могуць сапраўды адбыцца?

Коктыш: “Раз тэракт атрымаўся, раз ён быў зроблены, то гэта сведчыць пра некампетэнтнасць сілавых структур. Бо гэтага не павінна было здарыцца. Тут і даказваць нічога не трэба, бо гэта сур’ёзны закід. Можа быць перагледжана ўся палітыка да гэтага. Бо шукаць нейкага ворага, дзе яго адшукаеш?”.

Еўрарадыё: З'яўляюцца меркаванні, што гэты тэракт мог быць карысным для Масквы, каб яшчэ больш узяць кантроль над беларускім кіраўніцтвам...

Коктыш: “Немагчыма. Праз Беларусь да канца гэтага года павінна прайсці вуглевадародаў на кошт каля 60-70 мільярдаў долараў, каб Расія паставіла пад пагрозу такі аб’ём — гэта проста немагчыма. Гэта ўжо не кажучы пра тое, што Расія не можа падтрымліваць тэрарызм і ніколі не падтрымлівала. Дзейнічаць насуперак уласным эканамічным інтэрэсам немагчыма і гэта не мае сэнсу”.

Еўрарадыё: Расія адкладала выдачу крэдыту Беларусі ў памеры 3 мільярдаў долараў. Ці гэты тэракт прыспешыць выдачу крэдыта?

Коктыш: “Не, я б не звязваў гэтыя падзеі. Бо там, дзе адбыўся тэракт, ёсць нагода не спяшацца туды інвеставаць. Мне не здаецца, што два гэтых пытанні ўзаемазвязаны. Калі адбудуцца нейкія перастаноўкі ў вышэйшых колах, то Аляксандр Лукашенка можа пазбавіцца тых праблемаў, якія стаяць паміж ім і Захадам. Такім чынам ён можа вярнуцца да становішча да 19 снежня. Але гэта тое, чым можна кіравацца пасля тэракта”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі