“Князь Мышкін” і праз 20 гадоў будзе на чале воза інтуітыўнай музыкі

Гурт “Князь Мышкін” адсвяткаваў свой дваццаты Дзень нараджэння. Усё адбылося ў звыклым для інтуітыўных імправізатараў камерным фармаце – невялікая сцэна “Лісінай нары”, ціхае ўтульнае месца, сябры, госці, адны з якіх спявалі-гралі-чыталі-віншавалі, іншыя – проста сядзелі і цешыліся адсутнасцю формы. Як, напрыклад, музыка і кліпмэйкер Мацвей Сабураў.

Мацвей Сабураў: “Па-першае, мае сябры гралі і граюць у гэтым гурце. Ну, і ўвогуле, прыемна пад такую музыку бавіць час”.

Мацвей Сабураў

Еўрарадыё прапанавала сябрам “Князя Мышкіна” пафантазіраваць наконт існавання гурта яшчэ праз 20 гадоў. Мацвей Сабураў не сумняваецца ў будучыні “Мышкіна”.

Мацвей Сабураў: “Калі музыкі гурта праз 20 гадоў фізічна будуць жывыя, дык, вядома, будуць граць. Мне падаецца, гэта вечны працэс ”.

Схема канцэрта-святкавання была простай: час ад часу на ёй з’яўляўся юбіляр з цяперашнімі і былымі ўдзельнікамі. Выступы “Князя Мышкіна” перамяжоўваліся сэтамі дарагіх гасцей. Не абышлося без прыемных успамінаў. Гісторыю пра Лучанка і “завязвай” распавёў Андрэй Іваноў з гурта Zartipo.

Андрэй Іваноў

Андрэй Іваноў: “Дарэчы, калі “Мышкін” быў яшчэ ў праекце, з Леанідам і Валерыем Башковым быў цікавы паказальны канцэрт у зале Саюзу кампазітараў. Сапраўды, была спантанная інтуітыўная імправізацыя. І калі падышла кульмінацыя і лагічна пачала завяршацца кампазіцыя, Лёня пачаў шыпець: “Завязвай!”А з прасценку выйшаў Лучанок і сказаў: “Хлопцы! Вы б лепш дачкамі заняліся”.

Юры Паўлоўскі, Яўген Хітрак, Леанід Нарушэвіч

Некалі ўдзельнік “Князя Мышкіна”, а цяпер бубнач этна-трыа “Троіца” Юры Паўлоўскі па “Мышкіну” не сумуе, маўляў, двойчы ў адну ваду не ўваходзяць, аднак Лёню паважае за стойкасць.

Юры Паўлоўскі: “Напэўна, у Лёні Нарушэвічу ўвесь феномен. Гэта чалавек, які валачэ ўвесь гэты воз інтуітыўнай музыкі ўсёй Беларусі ўжо столькі гадоў. Цяжка ўвогуле ўявіць, як ён гэта робіць”.

На думку Паўлоўскага, праз 20 гадоў “Князь Мышкін” будзе дзейнічаць, а ў Нарушэвіча будзе яшчэ большая барада.

Часова прыпыніць дзейнасць “Князя Мышкіна” здольны толькі крызіс, мяркуе музычны крытык Зміцер Падбярэзскі. Ён любіць Нарушэвіча і кампанію за адданасць жанру.

Зміцер Падбярэзскі

Зміцер Падбярэзскі: “Калі яны толькі не стомяцца, калі не надыдзе такі крызіс, што Лёню Нарушэвічу на сваім загарадным доме давядзецца капаць шмат градак і ўжо на музыку не будзе хапаць часу, вось тады, магчыма, яны ЧАСОВА адыдуць ад гэтага занятку. А так, пакуль будуць жывыя Лёня і Віця, яны будуць збіраць людзей і рабіць сваю справу. Для мяне гэта вялікая асалода, шчыра кажучы, таму што яны не падпадаюць пад паняцце фармат. Яны робяць сваю справу, яны ўпэўненыя ў гэтым, у слушнасці таго, што робяць, і дай Бог толькі ім здароўя”.

Уладзімір Зайчанка


Аляксандр Памідораў

Аляксандр Памідораў лічыць беларускае жыццё суцэльнай інтуітыўнай імправізацыяй, праўда, на зададзеную тэму, і радуецца, што адны людзі яшчэ здольныя ствараць, а іншыя - здольныя разумець.

Аляксандр Памідораў: “Застаецца радавацца, што яшчэ застаюцца людзі, якія ўсё роўна не тое, што цягнуць лямку, а робяць гэта хаця б з нейкім задавальненнем. Сённяшняя вечарына паказвае, што можа быць і добра, што гэта не попс, што гэта не для ўсіх, што гэта не мэйнстрым. Але затое прыходзяць людзі, якія разумеюць. Дзякуй Богу, застаюцца яшчэ ў гэтай краіне людзі, якія ра-зу-меюць, што яшчэ не ўсе мазгі ператварыліся ў маянэз”.

Паэты Вера Бурлак і Віктар Жыбуль

Юбіляр “Мышкін”-Нарушэвіч хваляваўся і свяціўся шчасцем. Такога Дня нараджэння ў яго яшчэ не было!

Леанід Нарушэвіч

Леанід Нарушэвіч: “Я такія святы ніколі ў жыцці не святкаваў па вялікім рахунку. Дні нараджэння праходзяць як? Пяць-дзесяць чалавек збяруцца ў лепшым выпадку - папілі-паелі. А тут вось усе выгаворваюцца, і, можна сказаць, што хочуць, тое і гавораць – гэта самае галоўнае ў нашым жыцці”.

Сто гадоў “Князю Мышкіну”!

Вольга Залеская

Дуэт "Яр"

Яўген Хітрак

 

 

 

Ірэна Катвіцкая

 

 

Фота: Цімафей Скібенка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі