Кіроўцам не збіраюцца вяртаць штрафы за незаконныя “лісты шчасця”

Кіроўцам не збіраюцца вяртаць штрафы за незаконныя “лісты шчасця”

У ДАІ не задумваюцца пра тое, каб вяртаць грошы кіроўцам за незаконныя штрафы.

Гучны скандал выбухнуў пасля публікацыі на сайце abw.by. Адзін з кіроўцаў дабіўся адмены пастановы аб накладанні штрафу за перавышэнне хуткасці, якую зафіксаваў стацыянарны фотарадар. Чалавек, адправіўшы некалькі афіцыйных запытаў, высветліў, што сістэма MULTARADAR_SD580 не прайшла поўны метралагічны кантроль. На гэтай падставе пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні быў адменены. Кіроўца паставіў пад сумненне яшчэ адзін распаўсюджаны стацыянарны фотарадар — MESTA.

Атрымліваецца, беларусы маглі пераводзіць на рахункі Мінфіна грошы за штрафы, якія, магчыма, выпісваліся незаконна.

Еўрарадыё звязалася з кіраўніцтвам Цэнтра фіксацыі правапарушэнняў. Аднак каментаваць сітуацыю не сталі. Паабяцалі, што пашыранае тлумачэнне будзе адкрыта апублікаванае ў пятніцу 12 лютага.

Набіраем даведку Цэнтра фіксацыі правапарушэнняў (ЦФП) у якасці звычайных кіроўцаў. Высвятляецца, што да нас арганізацыю бамбардзіравалі іншыя грамадзяне, якіх штрафавалі на падставе дадзеных з MULTARADAR_SD580.

“Калі вы не згодныя з пастановай, на абскарджванне ў вас ёсць абумоўленыя заканадаўствам тэрміны — месяц”, — ветліва тлумачаць у ЦФП.

“Ліст шчасця” прыйшоў каля пяці месяцаў таму. Штраф мог быць незаконны”.

ЦФП: Вось, на падставе чаго вы будзеце абскарджваць гэтыя тэрміны, іх упусціўшы? Не маючы на руках доказаў? Вы можаце звярнуцца ў Інстытут стандартызацыі і метралогіі за пацвярджальным дакументам. І з ім ужо звярнуцца з заявай у пракуратуру. Тое ж самае вам скажуць і супрацоўнікі МУС. На руках у вас нічога няма, спахапіліся вы толькі праз паўгода, прачытаўшы артыкул у інтэрнэце.

Кіроўцам не збіраюцца вяртаць штрафы за незаконныя “лісты шчасця”

У вас ёсць тэрміны на абскарджанне пастановы. Калі яна не была абскарджаная, значыцца, яна набыла моц.

Вячаслаў Гаўраш, начальнік ДАІ Першамайскага раёна Мінска

Многія нават не ўяўлялі, што MULTARADAR_SD580 можа аказацца нелегальным. Пагадзіцеся, далёка не кожны будзе пісаць запыты ў навуковыя інстытуты, атрымаўшы штраф. Да таго ж, у цывілізаваным свеце заведзена, што калі прыстойная кантора памылілася, яна сама імкнецца кампенсаваць страты. Калі, скажам, у машынах “Таёта” пачалі барахліць шклопад’ёмнікі, то 6,5 мільёна аўтамабіляў адклікалі і ўсё выправілі за свой кошт.

Цікава, як да скандальнай сітуацыі з фотарадарамі ставяцца ў Дзяржаўтаінспекцыі.

Тэлефануем на нумар ДАІ Першамайскага раёна Мінска, трапляем да начальніка Вячаслава Гаўраша. Тлумачым, што паўгода таму быў аплачаны штраф, а тут з’явілася інфармацыя, што фотарадар можа быць бракаваным.

“Ці ёсць сэнс звяртацца да вас наконт адмены пастановы?” — цікавімся ў начальніка ДАІ.

— Пастанова набыла законную моц. Якія могуць быць пытанні?

— Атрымліваецца, што прыбор быў усталяваны незаконна, а кіроўцы пра гэта ведаць не маглі…

— У вас ёсць тэрміны на абскарджанне пастановы. Калі яна не была абскарджаная, значыцца, яна набыла моц.

— То бок, калі пастанова была атрыманая пяць месяцаў таму, то шанцаў абскардзіць няма?

— Калі вы не абскардзілі ў патрэбны тэрмін, то потым ужо позна.  

Фота minsk.gov.by, radar-city.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі