Кіраўнікі баранавіцкага авіяцыйнага завода знаходзяцца за кратамі

Кіраўнікі баранавіцкага 558-га авіяцыйнага рамонтнага завода — ужо былы дырэктар Павел Пінігін і яго намеснік Вячаслаў Іванчукоў — знаходзяцца за кратамі. Як піша @zerkalo_io, іх затрымалі яшчэ ў чэрвені. Дакладная прычына дагэтуль невядомая (па адной з версій, падазраюць у карупцыі).

Пінігіну 60 гадоў. На заводзе ён працуе больш за тры дзесяцігоддзі, дырэктарам стаў у 2015-м. Цяпер прадпрыемствам кіруе выканаўца абавязкаў дырэктара. Іванчукову 58 гадоў. Ён, як і Павел Пінігін, скончыў Харкаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйна-інжынернае вучылішча.

Мяркуецца, што па справе праходзяць яшчэ не менш трох супрацоўнікаў прадпрыемства. Вядома, што сёлета ў КДБ выклікалі на допыты нават былых супрацоўнікаў завода. Дзяржбяспеку цікавіла, хто можа дасылаць тг-каналам фотаздымкі самалётаў.

Павел Пінігін і Вячаслаў Іванчукоў / nashkraj.by і сацсеткі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.