Вы тут

"Кіраўнік палётаў не менш за 10 разоў у эфір падаў каманду "Катапультуйся!"

На месцы катастрофы / БЕЛТА

Мінабароны паведаміла вынікі расшыфроўкі самапісцаў ("чорных скрынак") ваеннага самалёта Як-130, які разбіўся ў Баранавічах 19 траўня.

"Экіпаж пасля ўзнікнення аварыйнай сітуацыі далажыў кіраўніку палётаў пра адмову сістэмы кіравання, што пацвярджаецца матэрыяламі аб'ектыўнага кантролю чорных скрынак. У гэтай сітуацыі, згодна з патрабаваннем кіруючых дакументаў, а менавіта кіраўніцтва па лётнай эксплуатацыі самалёта Як-130, экіпаж абавязаны быў пакінуць самалёт — катапультавацца. Кіраўнік палётаў не менш за 10 разоў у эфір падаў каманду "Катапультуйся! Катапультуйся! Скачы!". У гэты час самалёт перайшоў у некіравальны хаатычны рух, і яго траекторыя пачала ўхіляцца налева, г. зн. у бок горада", — расказаў камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі генерал-маёр Ігар Голуб.

Па яго словах, экіпаж застаўся ў самалёце і змог перайсці на рэзервовую сістэму кіравання. Лётчыкі здолелі змяняць толькі кірунак палёту, але не яго вышыню: самалёт працягваў падаць. "Як паказваюць сродкі аб'ектыўнага кантролю, ад моманту стварэння аварыйнай сітуацыі да падзення самалёта ў кропку прайшло крыху больш за хвіліну", — удакладняе Ігар Голуб.

На вышыні каля 50 метраў, кажа ён, экіпаж здолеў накіраваць самалёт у кропку па-за жылымі пабудовамі. Аднак самім лётчыкам не хапіла вышыні для бяспечнага катапультавання. 

"Паводле звестак бартавых самапісцаў на гэты момант мы бачым, што экіпаж кіраваў і ўздзейнічаў на ручку кіравання самалётам і на педалі, якія змяняюць кірунак палёту, да моманту дотыку зямлі. Гэта тое, што цяпер вядома пасля папярэдніх першых вынікаў чорных скрынак", — дадае камандуючы ВПС. 

Ён падкрэсліў, што лётчыкі цаной свайго жыцця выратавалі жыцці мірных грамадзян. 

Як паведамлялася раней, маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка загінулі ў авіякатастрофе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.