Кіраўнік МЗС Літвы: ЕС павінен спыніць візавую дыскрымінацыю беларусаў

Еўрапейская камісія павінна "ў хуткім часе" прыняць рашэнне пра паніжэнне кошту шэнгенскіх віз для беларусаў. Такую заяву зрабіў міністр замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас 24 лістапада падчас сустрэчы са студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні. Па словах дыпламата, якія перадае БелаПАН, беларусаў дагэтуль дыскрымінуюць, і гэта не робіць гонару Еўрасаюзу. Ушацкас пацвердзіў, што кошт павінен быць паніжаны прынамсі да ўзроўню, які плацяць грамадзяне Расіі і Ўкраіны, — 35 еўра замест цяперашніх 60.

Кіраўнік літоўскага МЗС таксама лічыць, што Беларусь рана ці позна ўвойдзе ў ЕС. "Асабіста я выступаю за тое, каб лепш рана, чым позна", — сказаў міністр у адказ на пытанне студэнткі-першакурсніцы "Ці магчыма ўступленне Беларусі ў ЕС з Аляксандрам Лукашэнка пры ўладзе?"

Ушацкас заявіў, што верыць у супрацоўніцтва і абмен думкамі больш, чым у ізаляцыю: "Я за тое, каб глядзець у вочы  людзям, у вочы Лукашэнку".

Па словах дыпламата, ЕС мяркуе пра краіны не па прозвішчах кіраўнікоў, а па дасягненнях у пабудове дэмакратыі і рынкавай эканомікі, таму "няма розніцы, хто кіруе Беларуссю".