Вы тут

Кіраўнік МЗС Латвіі параўнаў прэс-канферэнцыю Пратасевіча са сталінскімі часамі

Эдгарс Рынкевічс / twitter.com/edgarsrinkevics

Прэс-канферэнцыя з удзелам Рамана Пратасевіча нагадвае горшыя прыклады сталінскіх часоў. Пра гэта напісаў у Твітары міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

"Пастановачная прэс-канферэнцыя ў Мінску з прадстаўнікамі рэпрэсіўнага апарата і выкрадзеным журналістам Раманам Пратасевічам нагадвае горшыя прыклады сталінскай мінуўшчыны. Прымусовым прызнанням, захопу закладнікаў няма месца ў 21-м стагоддзі. Свабоду Пратасевічу", — заявіў кіраўнік латвійскай дыпламатыі.

Блогера Рамана Пратасевіча затрымалі 23 траўня пасля вымушанай пасадкі ў Мінску самалёта авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню. 14 чэрвеня ў Нацыянальным прэс-цэнтры ён быў на прэс-канферэнцыі з удзелам сілавікоў на тэму пасадкі самалёта, высылкі актывістак Саюза палякаў, а таксама нелегальнай міграцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.