Вы тут

Кім Чэн Ын на кані скарыў гару! Хто з сусветных лідараў таксама ездзіў верхам?

Кім на белым кані, фота: kcna.kp

Лідар Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын наведаў гару Пэктусан на мяжы КНДР і Кітая. Кім падняўся на вяршыню гары на белым кані “па першым снезе”, паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва КНДР. 

Пэктусан — найвышэйшы пункт Карэйскага паўвострава. Карэйцы лічаць гару святой: па легендзе, каля чатырох тысяч гадоў таму з яе спусціўся бацька заснавальніка старажытнай карэйскай дзяржавы. Акрамя таго, згодна з афіцыйнай гістарыяграфіяй КНДР, падчас Другой сусветнай вайны на гары Пэктусан знаходзіўся партызанскі лагер пад кіраўніцтвам Кім Ір Сена, дзядулі сучаснага кіраўніка краіны. Лічыцца, што ў гэтым лагеры нарадзіўся яго сын і пераемнік Кім Чэн Ір.

Еўрарадыё прыгадала, хто яшчэ з сусветных лідараў — аматар праехацца верхам.

Нурсултан Назарбаеў

Фота: facebook.com/AkordaBaspasoz

Былы прэзідэнт Казахстана і чалавек-сталіца Нурсултан Назарбаеў у часы свайго прэзідэнцтва сказаў наступнае:

“Я заўсёды памятаю, што камандзір павінен быць наперадзе на белым кані і ў поўным здароўі — толькі так, гэта праца прэзідэнта такая, што трэба ўсяго сябе аддаваць, увесь свой час, здароўе і на працы, і ў непрацоўны час. Толькі так можна выконваць усе абавязкі, якія на мне”.

Аднак пабачыць на кані лідара Казахстана можна было не так часта. Рэдкі здымак Назарбаева верхам на чорным скакуне з’явіўся ў 2016 годзе. Зроблены ён быў у ЗША, дзе з працоўным візітам знаходзіўся экс-прэзідэнт.   

Гурбангулы Бердымухамедаў

Фота: vesti.uz

А вось здымкаў прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава на кані — процьма. Ён не толькі любіць пакатацца публічна верхам, але прысвячае скакуну вершы і нават… рэп.

Уладзімір Пуцін

Фота: AFP

Фотаздымак Уладзіміра Пуціна з голым торсам на кані быў зроблены ў 2009 годзе падчас яго адпачынку ў Рэспубліцы Тува. Аднак апублікаваны ён быў толькі ў 2016-м і адразу завірусіўся ў выглядзе мемаў. Пуцін з голым торсам на кані нават з’явіўся ў адным з эпізодаў мультсерыяла “Сімпсаны”, прысвечаным прэзідэнцкім выбарам у ЗША. 

Кадр з мультсерыяла "Сімпсаны"

Аляксандр Лукашэнка

Фота: president.gov.by

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка любіць коней, але, у адрозненне ад сваіх азіяцкіх калег, верхам заўважаны не быў. Што тут сказаць: у еўрапейскай краіне свае традыцыі.