Вы тут

Кедаў з “Калюмнамі” больш не будзе: лідскай фабрыцы нявыгадна іх рабіць

Фота LSTR

Лідскай абутковай фабрыцы нявыгадна выконваць замову мінскай крамы LSTR на дызайнерскія кеды з гербам “Калюмны”.

“[LSTR замаўляе] вельмі дробныя партыі, яны патрабуюць свайго тэрміну. Ніхто не хоча вырабляць у такой колькасці скуру. LSTR жа не хоча браць увесь, так бы мовіць, вялікі аб’ём. І яны адразу ведалі пра гэта, што так і будзе”, — распавядае Еўрарадыё дырэктар “Лідскай абутковай фабрыкі” Уладзімір Чыжык.

Чыжык сам лідчанін, але кедаў вытворчасці сваёй фабрыкі ніколі не насіў. “А навошта? — перапытвае Еўрарадыё дырэктар.

Я марыў пра “Адыдасы”, “Томісы” і гэтак далей”.

Тым часам брэнд LSTR выбачаецца перад пакупнікамі, якія замовілі, але не атрымалі дызайнерскія кеды з гербам “Калюмны”. Партыю, якую 31 ліпеня прывезлі з Ліды ў Мінск, раскупілі за некалькі гадзін.

 

Чарга па новую партыю кедаў. Фота з Твітара @barmidrol

Па прыгожыя кеды прыйшлі не толькі тыя, хто іх замовіў, але і іншыя пакупнікі. У краме сабралася вялікая чарга. Да таго ж, былі ахвочыя ўзяць некалькі пар абутку. У выніку прыкладна 160 пар кедаў расхапалі як гарачыя піражкі.

Па-першае, просім прабачэння ва ўсіх, хто ўчора і сёння прыехаў да нас дарма. Нам крыўдна і балюча. Нам сапраўды вельмі шкада і гэта не проста словы, бо адзін з галоўных лстр-аўскіх прынцыпаў — гэта добры настрой кожнага пакупніка”, — піша LSTR у сваім Instagram-акаўнце.

Паважаныя сябры! Па-першае, просім прабачэння ва ўсіх, хто ўчора і сёння прыехаў да нас дарма. Нам крыўдна і балюча. Нам сапраўды вельмі шкада і гэта не проста словы, бо адзін з галоўных лстраўскіх прынцыпаў гэта добры настрой кожнага пакупніка. Банальнасць, але паверце, гэта сапраўды так. Разумеем, што гэта невялікая кампенсацыя, але ўсім, з кім адбылася гэтая непрыемнасць – мы прапанануем зніжку ў 25% пры наступным Вашым візіце. Па-другое, паспрабуем растлумачыць чаму так атрымалася. Наш вялізны заказ ляжыць на Лідскай фабрыцы з канца траўня. Заказ павінен быў быць выкананы цягам трох тыдняў. Мы чакаем ужо больш за два месяцы; кіраўніцтва не выходзіць з намі на сувязь; толькі нейкімі неймавернымі высілкамі нам удалося дабіцца адгрузкі невялікай часткі замовы. Што будзе далей і ці будзе нешта ўвогуле – вялікае пытанне. Фабрыка працягвае ігнараваць нашыя тэлефанаванні. Па-трэцяе, чаму нехта атрымаў сваю пару, не запісаўшыся, а нехта не атрымаў, запісаўшыся. Гэта натуральна наша “тэхнічная” памылка з-за фантастычнага наплыву пакупнікоў. Людзі, якім мы паспелі патэлефанаваць, часта прыходзяць з сябрамі, сваякамі, якім адмовіць мы не маем права. І такая сітуацыя не азначае, што пра вас забыліся ці падманулі – яна азначае толькі тое, што ваша пара з нашай вялікай замовы знаходзіцца ўсё яшчэ недзе ў недрах Лідскай абуткавай фабрыкі. Яшчэ раз просім прабачэння ў Вас, сябры, і просім паставіцца з разуменнем да сітуацыі, што склалася. Неўзабаве мы дадзім больш разгорнуты каментар для СМІ у якім распавядзем пра сумныя асаблівасці супрацоўніцтва з лідскім абутковым гігантам.

Публикация от LSTR Adziennie (@lstr_adziennie)

Па словах прадстаўнікоў брэнда, “Лідская абутковая фабрыка” дагэтуль не выканала замову, размешчаную ў траўні, хаця павінна была зрабіць гэта цягам трох тыдняў. LSTR замаўлялі 600 пар дызайнерскіх кедаў.

Мы чакаем ужо больш за два месяцы; кіраўніцтва не выходзіць з намі на сувязь; толькі нейкімі неймавернымі высілкамі нам удалося дабіцца адгрузкі невялікай часткі замовы, — працягвае выбачацца LSTR. — Што будзе далей і ці будзе нешта ўвогуле — вялікае пытанне. Фабрыка працягвае ігнараваць нашы тэлефанаванні”.

Пасля таго як на фабрыку датэлефанаваліся Еўрарадыё і “Наша Ніва”, яна больш не будзе супрацоўнічаць з LSTR, кажа Уладзімір Чыжык. LSTR паведамілі Еўрарадыё, што таксама плануюць спыніць супрацоўніцтва з Лідскай абутковай фабрыкай.