КДК адкрыў 13 крымінальных спраў за павышэнне тарыфаў, а цяпер шукае вінаватых

КДК адкрыў 13 крымінальных спраў за павышэнне тарыфаў, а цяпер шукае вінаватых

Праз два дні пасля загада Аляксандра Лукашэнкі пакараць вінаватых у павышэнні тарыфаў на камунальныя паслугі дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю пачынае 13 крымінальных спраў на службовых асоб прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ.

Намеснік начальніка аддзела фінансавых расследаванняў Юрый Кардымон паведамляе, што справы заведзеныя ў кожнай вобласці краіны па артыкуле перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў. Колькі чалавек праходзіць па справах, якога ўзроўню гэта чыноўнікі ды іншыя падрабязнасці прэс-служба Камітэту дзяржкантролю не ведае.

У Следчым камітэце таксама няма ніякай інфармацыі, справы ім пакуль не перадалі.

“Па законе Дзяжкантроль мае права распачынаць крымінальную справу і цягам дзесяці дзён захоўваць яе ў сябе, не перадаючы нам, — тлумачаць Еўрарадыё ў Следчым камітэце. — Нам гэтыя справы яшчэ не прыходзілі”.

Адзінае, што дакладна вядома — заведзеная крымінальная справа на чыноўнікаў камунальнага ўнітарнага прадпрыемства Оршы. У 2013-2015 гадах яны нібыта завышалі аб'ёмы аказаных паслуг па зборы, вывазе і абясшкоджванні камунальных адходаў. Завышэнне перавысіла 60 тон. Але вось незадача! Гэтая справа, як мінімум, не тычыцца студзеньскага росту тарыфаў, бо закранае папярэднія гады.

Як даведалася Еўрарадыё ў аддзеле фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці, апроч аршанскай, заведзеныя яшчэ дзве крымінальныя справы. Што праўда, падрабязнасці трымаюцца ў сакрэце.

“У нас жа ёсць прэс-служба і мы даём інфармацыю праз афіцыйныя рэспубліканскія СМІ, — кажа намесніца старшыні Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці Юлія Аўхукова. — Тым больш, сёння ў рэспубліканскім Камітэце была прэс-канферэнцыя, так што, у эфіры будзе ўся вычарпальная інфармацыя”.

Але вось яшчэ адна незадача! У прэс-службе рэспубліканскага КДК кажуць супрацьлеглае:

“Ніякай інфармацыі мы не маем, а прэс-канферэнцый сёння мы не праводзілі”.

Дапамагае разабрацца ў дзіўнай сітуацыі супрацоўнік КДК Гомельскай вобласці:

“Па Гомелі заведзеная толькі адна справа, менавіта па завышэнні тарыфаў. Гаворка вядзецца пра сёлетнія новаўвядзенні. Але па гэтай справе пакуль не праходзяць ніякія чыноўнікі, яна ўзбуджаная па факце. То бок цяпер вядзецца следства, шукаюцца вінаватыя”.

Хутчэй за ўсё, узбуджэнне крымінальных спраў Камітэтам дзяржкантролю — вымушаная рэакцыя на загад Лукашэнкі. Цяпер у супрацоўнікаў аддзелаў фінансавых расследаванняў па ўсёй краіне ёсць дзесяць дзён на тое, каб знайсці вінаватых. А тая аршанская гісторыя — старая распрацоўка камітэта, якую агучылі, каб мець хоць нейкія факты парушэнняў, няхай і не датычныя жыровак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі