КДБ распавёў падрабязнасці карупцыйнай схемы падчас набыцця спецвопраткі

КДБ распавёў падрабязнасці карупцыйнай схемы падчас набыцця спецвопраткі

КДБ Беларусі распавёў падрабязнасці карупцыйнай схемы падчас набыцця спецвопраткі. Пра яе ў аўторак падчас паслання народу і парламенту згадаў кіраўнік дзяржавы. Як піша газета “СБ. Беларусь сегодня”, усё пачалося ў пачатку красавіка, калі ў гасцініцы “Нёман” з доказамі злачынства затрымалі начальніка аддзела аховы працы “Белэнерга”. Ён спрабаваў атрымаць 12 тысяч долараў ад дырэктара адной з камерцыйных структур, хабар за стварэнне для фірмы ўмоў, якія гарантуюць яе перамогу ў конкурсах на закупку сродкаў абароны па замове дзяржаўнага прадпрыемства.

Высветлілася, што падобных хабараў было шмат. Існавала добра адпрацаваная схема іх перадачы. У дачыненні да 19 службовых асоб шэрагу дзяржпрадпрыемстваў распачалі 22 крымінальныя справы (у КДБ не выключаюць, што лічбы могуць павялічыцца). За грошы яны садзейнічалі закупцы прадпрыемствамі буйных партый спецадзення (айчыннага і замежнага) і сродкаў індывідуальнай абароны. Плацілі за гэтую прадукцыю бюджэт і самі прадпрыемствы, якія аб’яўлялі конкурсы на яе пастаўкі. На конкурсах перамагалі адны і тыя ж камерцыйныя структуры. І зусім не таму, што яны пастаўлялі больш якаснае спецадзенне. Звычайна хабары складалі ад 50 да 15 тысяч долараў.

Дзяржбяспека адзначае, што ініцыятарамі “конкурснай змовы” выступалі не бізнесмены, а службовыя асобы — начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў, эканамісты і бухгалтары. Яны вымагалі хабары, пагражалі, што ў адваротным выпадку бізнесменам будуць створаны штучныя перашкоды.

Агулам у крымінальных справах фігуруюць больш за 20 дзяржаўных прадпрыемстваў (Мазырскі НПЗ, філіялы Беларускай чыгункі і “Беларуснафты”, “Гродна Азот”, “Мінскводаканал” і г. д.). Праваахоўнікі высветлілі, што хабары перадаваліся з 2013 года. За кожным з 14 рэгіянальных прадстаўнікоў фірмы замацавалі пэўную “зону адказнасці” па перадачы хабараў, грошы яны штоквартальна атрымлівалі з цэнтра. Кіраўніцтвам камерцыйнай фірмы было выдадзена на гэтыя мэты 1,5 млн долараў.

Службовыя асобы на хабары будавалі катэджы, куплялі дарагія аўтамабілі. Яны нават не спрабавалі замаскіраваць гэта. Адзін з абвінавачаных толькі ў апошні момант, калі ўжо быў пад назіраннем аператыўнікаў, перапісаў на сваякоў свае валютныя рахункі, спіс якіх не змясціўся на адным аркушы паперы. Іншы абвінавачаны, які ўжо ведаў пра расследаванне, узяў чарговы хабар.

Цікава, што кіраўнікі камерцыйнай фірмы застаюцца на волі. КДБ тлумачыць гэта тым, што яны раскаяліся і актыўна супрацоўнічаюць са следствам. Да таго ж, праваахоўнікі не хацелі парушаць працу прадпрыемстваў. А вось на маёмасць і іншыя актывы затрыманых службовых асоб наклалі арышт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі