Казулін патрапіў бы пад амністыю, калі б яна ўступіла ў дзеянне ў студзені?

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі. У выніку на волю выйдуць каля 2,5 тысячы чалавек. Еўрарадыё паспрабавала даведацца, ці ёсць шанец, што пад амністыю патрапіць хтосьці з палітвязняў. Высвятляецца, што практычна няма. Адвакат Аляксандра Казуліна Дзмітрый Гарачка кажа, што шмат залежыць ад таго, калі закон уступіць у дзеянне. У Казуліна ў студзені якраз была б траціна тэрміна, і ён мог бы спадзявацца на амністыю.

У Мазырскай папраўчай калоніі № 20, дзе ўтрымліваецца Андрэй Клімаў, прадстаўнік адміністрацыі таксама нічога пэўнага не змог сказаць:

“Персанальна сказаць, які зняволены патрапляе пад амністыю ці не патрапляе, можа кваліфікаваны юрыст. Таму што нашы спецыялісты пакуль адказаць не могуць. З імі яшчэ будуць праводзіць зборы ў Мінску па ўжыванні гэтага закону”.

Аднак калі палітвязні не патрапяць пад абвешчаную амністыю, у іх застаецца яшчэ некалькі магчымасцяў датэрмінова выйсці на волю. Міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў нядаўна заявіў пра новую амністыю, якая адбудзецца ў наступным годзе.

А вось што кажа юрыст Ігар Рынкевіч:

“Ёсць такі механізм, як памілаванне. Такая штучная камісія, якая працуе пры Лукашэнку. І гэта ўжо індывідуальны акт. Але ён ужо ў чэрвені падчас амерыканска-беларускіх “кантактаў” усплываў, але так і не быў выкарыстаны”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі