Католікі сустрэлі Вялікдзень (фота)

Католікі сустрэлі Вялікдзень (фота)

Вернікі рыма-каталіцкай, грэка-каталіцкай і пратэстанцкай царквы сёння святкуюць Вялікдзень — адно з цэнтральных хрысціянскіх святаў у памяць аб уваскрэсенні Хрыста Збаўцы. Гэтае свята сімвалізуе пераход ад смерці да жыцця, ад зямлі да неба.

Напярэдадні ў каталіцкіх храмах Беларусі прайшла пасхальная вігілія. Галоўныя святкаванні адбыліся ў  архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Літургію ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Вігілія традыцыйна пачынаецца з Літургіі святла, падчас якой адбываецца дабраславенне агню і пасхала — вялікай свечкі, што з’яўляецца сімвалам Хрыста і важным элементам літургіі. Затым спяваецца грыгарыянскі спеў Exsultet, у якім абвяшчаецца радасная вестка пра ўваскрасенне Пана, пасля чаго ў літургіі слова Касцёл разважае пра цуды, ад стварэння свету ўчыненыя Богам для збаўлення чалавецтва. Трэцяя частка вігіліі — Літургія хросту. Потым адбываецца Эўхарыстычная Літургія.

Хрост і аднаўленне абяцанняў хросту займаюць важнае месца ў літургіі Пасхальнай вігіліі, бо гэты сакрамэнт уключае людзей у збаўчую таямніцу Хрыста.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да вернікаў, адзначыў: “Ён уваскрос! Ніхто і ніколі не мог сказаць больш падбадзёрваючых слоў, чым гэтыя”.

Па словах іерарха, пасхальная таямніца смерці і ўваскрэсення Хрыста адкрывае нам схаваную праўду пра Бога: “Здаецца, што Крыж на Кальварыі закрывае Яго магчымасці. Але на самой справе крыжовая смерць Ісуса — гэта не канец, але пачатак. Гэта толькі пункт часовага затрымання, як быццам аўтобусны прыпынак. Як пасля прыпынку аўтобус едзе далей, таксама і Хрыстус сваёй боскай моцай не спыняецца і працягвае дзейнічаць”.

Мітрапаліт звярнуў увагу, што “ва ўсіх абставінах мы павінны заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, якое бярэ свой пачатак у сакрамэнце хросту, што з’яўляецца маркерам нашай хрысціянскай тоеснасці”.

“Уваскрослы Хрыстос аб’яўляе нам прыроду і логіку не суду, але Божай міласэрнасці. Ён як быццам прамаўляе да нас: “Паглядзі, чалавек, ты забіў Мяне, але Я прыходжу да цябе з пасланнем міру, бо хачу, каб ты разам са Мною вярнуўся да жыцця””, — падкрэсліў арцыбіскуп.

”Таму вызнаўцы Хрыста павінны адзначацца згодным з Яго вучэннем жыццём. Гэта азначае, што наш позірк павінен быць скіраваны не на нас саміх і на нашы індывідуальныя справы, але на Божыя. Ён таксама павінен быць скіраваны на духоўныя і матэрыяльныя патрэбы іншых, як да гэтага заклікае Папа Францішак у Юбілейным Годзе Божай Міласэрнасці”, — нагадаў іерарх.

Арцыпастыр павіншаваў усіх са святам Вялікадня. Мітрапаліт выказаў святочныя пажаданні хрысціянам іншых канфесій, якія сёння разам з католікамі адзначаюць гэтае свята святаў, павіншаваў таксама праваслаўных братоў і сясцёр, якія будуць праз некаторы час святкаваць Уваскрасенне Хрыста, і ўсіх людзей добрай волі, перадае сайт catholic.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі