"Кассиопея" запісала кавер на "Мумий Тролль" у прыбіральні піцерскага клуба

Расійскі часопіс "Афиша" запусціў праект, паводле якога лепшыя маладыя музыкі пераспяваюць песні "Мумий Тролля". Кожныя 10 дзён на сайце часопіса з'яўляецца новы трэк і новы кліп з каментарамі Іллі Лагуценкі і саміх аўтараў кавер-версіі. Удзельнікаў праекта выбіраюць прадстаўнікі "Афішы". Гурт "Кассиопея", напрыклад, запрасіў музычны рэдактар выдання Аляксандр Гарбачоў, з якім музыкі даўно сябруюць.

Па словах Аляксандра Ліберзона, лідара мінскага гурта, яны не маглі адмовіцца ад прапановы, але паставіліся да яе несур'ёзна.

Аляксандр Ліберзон: "Мы не маглі яму адмовіць, праўда паставіліся вельмі нядбайна, але, дзякуючы гэтай нядбайнасці, атрымалася добрая песня. Стыль называецца п'яная Дароніна ў ваннай, паводле "Трёх тополей на Плющихе" (Таццяна Дароніна - савецкая і расійская актрыса тэатра і кіно, вядомая па ролі Нюры ў фільме "Три тополя на Плющихе" Таццяны Ліёзнавай - заўв. Еўрарадыё). Песня "Медведица". Запісвалі мы яе ў прыбіральні аднаго з піцерскіх клубаў, акапэльна, на модны дыктафон. А гукааператарам выступаў Саша Зайцаў з гурта "Ёлочные игрушки".

На жаль, паслухаць кавер на песню "Медведица" гурта "Мумий Троль" у выкананні гурта "Кассиопея" пакуль немагчыма. Па словах дырэктара калектыву Аляксандра Багданава, прэзентацыя трэка запланаваная толькі на 10-га лютага.

Аляксандр Багданаў: "Гэта інтэрнэт-рэліз. На сайце часопіса "Афиша" выкладаецца кавер-версія, нейкае інтэрв'ю з гуртом, відэа, арыгінальны трэк і, калі скончыцца праект, стаўленне Іллі Лагуценкі да гэтага кавера".

Дарэчы, кліп на кавер гурт "Кассиопея" таксама ўжо зрабіў. Аляксандр Ліберзон прызнаўся, што атрымалася астралагічнае відэа, праўда падрабязнасці пакуль трымае ў сакрэце.

Варта адзначыць, што праца над песняй "Мумий Троля" і новы стыль, які Аляксандр Багданаў назваў "апакаліптычны раманс", натхніў музыкаў на напісанне альбома. Аляксандр Ліберзон распавёў, што зараз гурт піша новыя песні для дыска, які плануецца выдаць бліжэйшай восенню.

Аляксандр Ліберзон: "Ён будзе называцца "Пока горит свеча" а ў дужках: анталогія старажытнага рамансу ў выкананні гурта "Кассиопея". Магчыма там і будзе адзін раманс, хутчэй за ўсё "Я помню чудное мгновенье", бо Ілля (Чарапко-Самахвалаў – вакаліст гурта - заўв. Еўрарадыё) яго любіць п'яным паспяваць, а больш нічога не будзе. Навошта!? Мы і самі сабе можам нядрэнную анталогію скласці".

Нагадаю, што з выхадам новага альбома гурт "Кассиопея" выканае кантракт з расійским лэйблам "Snegiri Music", з якім супрацоўнічаў доўгі час. Раней паведамлялася, што працягваць супрацоўніцтва музыкі не жадаюць, але прычыны не называліся.

Фото: snegiri.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі