Караткевіч быў, ёсць, будзе рэперам! (гук)

Вялікі бел-чырвона-белы сцяг, узняты пад песню Vinsent’a “Слава героям”, і “рытмічныя чытанні” вершаў Уладзіміра Караткевіча “Мова” ды “Заяц варыць піва” сталі момантамі ісціны Фэсту беларускамоўнага рэпу. Ні Амбасадар Кроў, ні Сярога, ні нават “Нестандартный вариант” 7 траўня на сцэну “Рэактара” не выйшаў. Скінуць Сярогу з парахода сучаснасці! Беларускамоўны рэп робяць маладыя ды раннія хлопцы з невялічкіх мястэчак. Бясспрэчны лідар гэтай грамады і хэдлейнер фэсту Vinsent таксама ледзь размяняў трэці дзесятак.

“Наперад, брат: усё нішцяк! На нашай вуліцы будзе парад!”





Беларускамоўны рэп дзіўным чынам супрацьстаіць багеме, часткай якой ва ўсім астатнім свеце з’яўляюцца рэперы. Нашы хлопцы не бразгаюць залатымі ланцужкамі, не лётаюць па сталіцы на чырвоных кабрыялетах, не з’яўляюцца ў прэсе ў абдымках шыкоўных прыгажунь... Карацей, беларускія рэперы — такія ж жабракі, як і ўсе тутэйшыя.





Вожык прыехаў з Сянно, PАNaNieba — з Вілейкі, Lunclan — з Лунінца, хаця хлопцы са сцэны і ўзгадвалі ў дачыненні да свайго сталення сталічныя “гета”: Розачку ды Грушаўку... Уся тая Беларусь, якая па-за мінскай кальцавой, — і ёсць тое самае гета, дзе гадуецца беларускамоўны рэп.





Далёкія ад гламурнага бляску і тэксты беларускіх рэпераў. Яны чытаюць пра неахайнасць вуліц, якія на ўвесь свет славяцца сваёй чысцінёй, пра чырвона-зялёнае быдла на гэтых вуліцах, пра адсутнасць перспектыў у “людзей на балоце”, пра дробную, але балючую несправядлівасць, з якой даводзіцца сутыкацца кожны дзень.





Адзін раз за сэт беларускі андэграўндны рэпер лічыць за неабходнае пракрычаць слова з трох літар ці вытворнае ад яго. Напрыклад, так:

“За даляглядам я
нешта не бачу ні..я!”
(PАNaNieba)







На ўваходзе ў залу, як заўжды, ідзе гандаль плыткамі з беларускай музыкай. З больш чым 20 альбомаў, у стылі рэп тут 4: альбом Vinsent’a “Пачатак”, 2 альбомы “Чырвоным па белым” і старая складанка “Пасадзіў DEAD RAPку” ад BMAgroup. Побач стаіць музычны крытык Вітаўт Мартыненка, у якога я пытаюся, ці заўважнае ўвогуле развіццё беларускамоўнага рэпу?

Вітаўт Мартыненка: “Калі Супрановіч выдаваў вось гэты зборнік “Пасадзіў DEAD RAPку”, публікі сабралася чалавек 15 па квітках, і яшчэ 30 чалавек прапусцілі без квіткоў... Але праз год-два-тры з’явіліся такія магутныя зоркі, як “Чырвоным па белым”, а пасля Vinsent. Зараз во выступаюць PАNaNieba — яны свой сінгл прэзентавалі ў інтэрнэце і рыхтуюць альбом, які, магчыма, таксама выйдзе на BMAgroup. Так што, дзякуй Богу, з’яўляецца нарэшце плынь, якую цікава слухаць!”

Галасы пад сярпом тваім

На Vinsent’а і сяброў у “Рэактар” людзей прыйшло ледзь не столькі ж, колькі тыдзень таму завітала на фэст “1-2-3-4-5” ад BOpromo. Рэперская тусоўка маладзейшая і шчыльнейшая, яна добра адгукаецца на абвесткі вКонтакте, таму і арганізаваць яе прасцей. Шмат хто з маладзёнаў сам спрабуе чытаць рэп, але калі вядучы імпрэзы Павел Белавус прапанаваў прысутным выйсці на сцэну і паўдзельнічаць у рэп-батле, смелых знайшлося толькі двое.





З вершамі Караткевіча пад імправізаваны біт абодва канкурсанты справіліся на “выдатна”. “Караткевіч пісаў рэп!” — зрабіла выснову зала. І аддала перамогу Базылю, які чытаў “Заяц варыць піва”.





А пасля быў фрыстайл. Гэта рэп-батл з самім сабой, калі выходзіш не чытаць, а казаць усё, што мроіцца ў галаве... Тут смелы знайшоўся толькі адзін — Zeman, які дагэтуль надаў драйву кожнаму сэту з тых, што прагучалі ў той вечар у “Рэактары”. Гэта рэп у адкрытую так наэлектрызаваў залу, што апошняму выступоўцу заставалася толькі выйсці на сцэну і ўзяць яе.



І ён выйшаў.

"Фэйк ты ці тру — рукі ўгару!"



Нарэшце танцпол дачакаўся Vinsent’а. “Я прыйшоў у гульню цяпер і назаўсёды, // У ролі фаварыта, заканадаўцы моды”, — ад пачатку заявіў ён, і зала пагадзілася. Тэксты яго чытанак фанаты падхоплівалі з паўслова.



Vinsent трымаўся на сцэне ўпэўнена, як сапраўдны лідэр. Важкі складнік яго творчасці — грамадска-палітычны. І гэта ўжо не тая сацыялка “ад родных ніў”, якая хвалюе іншых рэпераў.





З песняй “Бог. Радзіма. Воля” ў якасці палітычнай праграмы Vinsent мог бы балатавацца ў дэпутаты любога мясцовага савета. А “Славу героям”, пад якую “свядомая” моладзь разгарнула над залай вялікі бел-чырвона-белы сцяг, на пачатку 2011 года напэўна будуць спяваць на плошчах...



...Людзі не хацелі разыходзіцца з танцпола, і тады Vinsent выканаў свае галоўныя хіты яшчэ раз. І толькі тады канцэрт, які ад пачатку ішоў па нарастаючай, дасягнуў сваёй лагічнай кропкі.







Без сумневу, Фэст беларускага рэпу стаў музычнай падзеяй гэтай вясны. Ён адбыўся ў свой час і абвясціў сталенне новага дыскурсу, у межах якога выкладае свае думкі беларуская моладзь. Гэтая новая сіла і новая мова — рэп.




Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі