Каранік: ніводная машына "хуткай" не выкарыстоўвалася супрацоўнікамі МУС

Каранік: ніводная машына "хуткай" не выкарыстоўвалася супрацоўнікамі МУС

Ніводная машына хуткай дапамогі не выкарыстоўвалася супрацоўнікамі МУС. каб падвезці сілавікоў да месца затрыманняў. Пра гэта заявіў у сваім адкрытым лісце міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік

Фатаздымкі з сілавіком у форме за рулём медыцынскай машыны з'явіліся падчас разгону акцыяў пратэсту. Паведамлялася, што такім чынам амапаўцы прыязджаюць у тыл пратэстоўцам і пачынаюць разгон.

"Я спрабаваў сказаць, што ні адна наша машына хуткай дапамогі не выкарыстоўвалася супрацоўнікамі МУС для іх перавозкі да месцаў затрыманняў, што падобную размалёўку маюць машыны медыцынскай службы ўнутраных войскаў, дзе знаходзяцца ваенныя медыкі, натуральна, у ваеннай форме, і менавіта яны аказвалі медыцынскую дапамогу сваім пацярпелым калегам у самым эпіцэнтры, што і магло спарадзіць гэтыя чуткі", — цытуе БЕЛТА ліст Караніка. 

Ён патрабуе ад апанентаў падаць іншыя факты для разгляду: "Бо нават здагадка, што ў машыне хуткай дапамогі могуць знаходзіцца прадстаўнікі сілавых ведамстваў, можа выклікаць агрэсію пратэстоўцаў і паставіць пад пагрозу бяспеку нашых супрацоўнікаў, а гэта недапушчальна. Спадзяюся, будуць пададзенае канкрэтныя факты або гэтае пытанне будзе канчаткова знятаеы з парадку дня".

Міністр паведаміў, што 9 жніўня ў кожным РУУС Мінска і буйных гарадах дзяжурыла хуткая дапамога — для медыцынскай дапамогі затрыманым. Ён дадаў, што ў ізалятарах (месцах часовага ўтрымання) працуюць не работнікі Мінздароўя, а супрацоўнікі пентэнцыярнай сістэмы. Мінздароўя, па яго словах, шчыльна супрацоўнічала з МУС, каб дапамагчы людзям, якім была патрэбная дапамога "і забяспечыць чалавечыя ўмовы знаходжання ў месцах часовага ўтрымання". У выніку людзей пераводзілі з ізалятараў у лякарні, а таксама, кажа Каранік, было "аператыўнае вызваленне затрыманых з месцаў, дзе ўмовы ўтрымання не адпавядаюць нарматывам".

Ён спасылаецца на звесткі МУС, што на 17 жніўня ў ізалятары Жодзіна не было ніводнага затрыманага на вулічных акцыях, а ў ізалятары на Акрэсцін — шэсць чалавек, якім не была патрэбная дапамога медыкаў. Усіх затрыманых медыкаў адпусцілі яшчэ раней па ўзгадненні з міністрам унутраых спраў. 

Каранік падкрэслівае, што яго ведамства не праводзіць судова-медыцынскую экспертызу і не мае права накіроўваць на яе. "Адзінае, што мы можам зрабіць, гэта зафіксаваць факт звароту па медыцынскую дапамогу, апісаць атрыманыя пашкоджанні і са слоў пацыента ўказаць абставіны іх атрымання. І мы гэта робім для ўсіх тых, хто звярнуўся, толькі за 16 жніўня такіх зваротаў толькі ў Мінску было 160. На жаль, ніхто не жадае чуць, што ўсе пацыенты, якія звярнуліся з траўмамі, фіксуюцца і інфармацыя пра іх перадаецца ў органы правапарадку", — тлумачыць міністр. 

Ён заяўляе, што ў моргах Мінздароўя няма неапазнаных трупаў і туды дастаўляюцца толькі памерлыя ў медустановах. "Тыя, хто загінуў альбо памер па-за бальнічнымі сценамі, накіроўваюцца судова-медыцынскім экспертам, якія знаходзяцца па-за юрысдыкцыяй Міністэрства аховы здароўя. Ці ёсць у дадзены момант у службе судова-медыцынскай экспертызы неапазнаныя целы, у якой колькасці і што з'явілася прычынай смерці — гэтыя пытанні трэба задаваць менавіта туды", — перанакіроўвае Каранік пытанні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі