Каранік: нават цяпер маскі і парацэтамол вывозяць за мяжу

Каранік: нават цяпер маскі і парацэтамол вывозяць за мяжу

Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік у сераду падчас брыфінгу ў Белпрэсцэнтры пракаментаваў сітуацыю з існуючым дэфіцытам на індывідуальныя сродкі абароны для насельніцтва. Ён паабяцаў, што ў бліжэйшы час яна зменіцца да лепшага. 7 красавіка ва ўрадзе пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра Сяргея Румаса прайшла нарада, прысвечаная гэтай праблеме.

Па словах міністра, дэфіцыт утварыўся з-за "ажыятажнага попыту", а таксама з-за вывазу беларускай прадукцыі за мяжу. Уладзімір Каранік кажа, што, нягледзячы на сітуацыю на межах, "фізічныя асобы... рознымі спосабамі" вывозяць "значную частку" тых жа медыцынскіх масак за мяжу. Ён падкрэсліў, што такія выпадкі рэгіструюцца.

Стаіць задача пашырыць вытворчасць ахоўных масак, паколькі за мяжой іх купіць немагчыма — у большасці краін іх экспарт забаронены. "У гэтай сітуацыі спадзяемся на сябе", — адзначыў Уладзімір Каранік. Да канца тыдня ў нашай краіне будуць выпускаць 1 мільён масак у суткі, а на наступным тыдні плануецца ўжо 2 млн масак у суткі.

Вырашаецца і праблема з антысептыкамі, з парацэтамолам. Па словах Караніка, парацэтамол таксама могуць вывозіць у замежжа. За апошнія два тыдні ў Беларусі рэалізавалі яго столькі, колькі звычайна прадавалі за 14 тыдняў. "Гэты прэпарат нельга прымаць проста так, ён не з'яўляецца прафілактычным або вітамінным", — папярэдзіў міністр аховы здароўя. Інакш можна нашкодзіць здароўю.

У Мінздароўя абяцаюць выпрацаваць механізмы, каб парацэтамол быў на айчынным рынку, і каб за мяжу яго не вывозілі па "шэрых" схемах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі