Вы тут

Канфлікт сцягоў і разборкі з чыноўнікамі: бунтарны прэс-сакратар пра Еўрабаскет

На трыбунах Еўрабаскета / Еўрарадыё

Раман Шаўцоў — былы прэс-сакратар хакейнага "Дынама". У жніўні 2020 года ён пакінуў пасаду па меркаваннях сумлення. На гэтым жыццё не скончылася: Раман вядзе спартыўны блог, наведвае гульні беларускіх клубаў і зборных, часта бывае на выездах за мяжой.

Сёлета хлопец трапіў на Еўрабаскет-2021, хварэў за жаночую зборную Беларусі. Пра тое, чаму іспанская паліцыя спачатку была супраць БЧБ-сцягоў на трыбунах, але потым дазволіла, пра канфлікт з чыноўнікамі на стадыёне і байкот зборных Раман расказвае ў інтэрв'ю Еўрарадыё.
 

Пайшоў, каб не ўдзельнічаць у агітцы

Раман Шаўцоў. На фота ён яшчэ на пасадзе прэс-сакратара / Еўрарадыё

— Перад выбарамі ад прэс-службы запатрабавалі зрабіць агітку ў падтрымку Лукашэнкі. Трэба было з'ездзіць разам з хакеістамі на датэрміновае галасаванне, дапамагчы БТ, АНТ і СТБ зняць ролік і размясціць на сайце агітку ў падтрымку Лукашэнкі. Мы з начальнікам адмовіліся, — расказвае Еўрарадыё Раман. — Каб не ўдзельнічаць у гэтым, мы паклалі заявы на стол. Нам прапаноўвалі кампрамісы: мы на тыдзень ідзём у адпачынак, а ў гэты час за нас нехта іншы забрудзіцца. Але гэта трызненне, бо ўсё роўна цень падае на клуб, чаго асабіста мы стараліся не дапусціць. Словам, ультыматумаў і намёкаў не было, мы пайшлі добраахвотна, каб не ўдзельнічаць у агітцы.
 

Канфлікт з БЧБ у Валенсіі

— Калі я ўбачыў, што ў час маёй замежнай паездкі змагу трапіць на жаночы Еўрабаскет, то зразумеў, што трэба абавязкова прыехаць. У спартыўнай тусоўцы жаночая зборная Беларусі па баскетболе адна з самых любімых, таму што дзяўчаты заўсёды гуляюць ярка, весела, з запалам. І на мой погляд, яны — самая любімая зборная ў беларусаў, — перакананы наш суразмоўца.

У час жаночага баскетбольнага матча "Беларусь — Іспанія" беларускія заўзятары вывесілі на стадыёне БЧБ-сцягі з "Пагоняй". Паліцыя папрасіла іх прыбраць: маўляў, "незарэгістраваная сімволіка". Чаму так адрэагавалі іспанскія праваахоўнікі?

— Гэта, хутчэй за ўсё, адбылося пасля скаргі генеральнага сакратара БФБ Анастасіі Марынінай. Але калі на першым матчы паліцыя падыходзіла да беларусаў і выводзіла іх з сектара, то пасля таго, як нашы растлумачылі паліцыі, што такое "лукашызм", якую ролю ў гэтым адыгрывае чырвона-зялёны сцяг і чым ён адрозніваецца ад бел-чырвонага-белага, паліцыя нават абараняла беларусаў. Калі ахова арэны спрабавала не пусціць людзей на матч з БЧБ-сцягамі, іспанская паліцыя падыходзіла і казала, што гэта нацыянальны сцяг, ён не забаронены і забаронены быць не можа, з ім трэба прапусціць.
 

"Немагчыма хварэць за каманду па разнарадцы"

Еўрарадыё: Хто падтрымліваў беларускіх баскетбалістак на трыбуне?

Раман: Пад чырвона-зялёным сцягам "хварэлі" — гэта значыць усю гульню сядзелі ў тэлефоне — генеральны сакратар федэрацыі баскетбола і два клеркі з амбасады. Пад нацыянальным сцягам прыехалі ад 20 да 30 беларусаў з усёй Іспаніі.

Канфліктаў, не лічачы таго, што клеркі пастаянна падсылалі ахову або сцюардаў, патрабуючы вывесці беларусаў з арэны, не было. Разумееце, немагчыма хварэць за каманду па разнарадцы. Вось і тут беларусы прыехалі хварэць за сваю зборную ад душы. Некаторыя з іх пераадолелі больш за 500 кіламетраў!

А хтосьці прыехаў у камандзіроўку і сядзіць у тэлефоне, таму што ў цэлым на баскетбол і на зборную пляваць. Там цікавяць больш надзённыя пытанні: а калі абед? А ці будзе пасля матча банкет? А ці аплацяць камандзіровачныя за лішнюю гадзіну знаходжання на баскетболе? А ці не атрымаю я вымову за тое, што "Пагоня" трапіла ў кадр трансляцыі? Вось такія пытанні іх цікавяць, мяркуючы па іх актыўнасці на трыбунах.

Раман на матчы Еўрабаскета / Еўрарадыё

Еўрарадыё: "Канфлікт з клеркамі" — можна падрабязней?

Раман: Беларускія заўзятары звычайна сядзелі за лаўкай нашай зборнай. Па-першае, так дзяўчаты лепш чуюць падтрымку. Па-другое, гэта пазіцыя трапляла ў кадр у час матча.

У паўфінале Марыніна [генеральны сакратар БФБ. — Еўрарадыё] і два клеркі з амбасады падаслалі да нас сцюарда. Маўляў, на гэтыя месцы куплены білеты, людзі прыйдуць, трэба адсюль сысці. Беларус з Валенсіі ветліва растлумачыў, што, калі людзі прыйдуць на гэтыя месцы, ніякіх праблем, мы пасунемся. Але, хутчэй за ўсё, проста чыноўнікі спрабуюць падманам прыбраць з гэтых месцаў беларусаў з нацыянальнай сімволікай, якая трапляе ў кадр.

У матчы за бронзу гэтыя клеркі падаслалі ахову і запатрабавалі зверыць білеты, пасля чаго адправілі на купленыя месцы. Хоць арэна была практычна пустая і ніякіх праблем з вольнымі месцамі не было. Але чыноўнікам было важна прыбраць беларусаў з таго месца, якое трапляе ў кадр.

Пасля першага матча дзяўчаты пайшлі дзякаваць нашаму сектару і, мяркуючы па ўсім, атрымалі ўтык ад кіраўніцтва. Потым баскетбалісткі віталі нас ці дзякавалі нам употай. Такая, ведаеце, амаль партызанская падзяка: крадком памахаць, падміргнуць, падняць палец угору.

Але пасля паўфіналу, калі мы сустракалі каманду ля аўтобуса, яны ўсім памахалі і дзякавалі за падтрымку. А Таццяна Ліхтаровіч на прэс-канферэнцыі адкрыта сказала, маўляў, дзякую ўсім, хто нас падтрымлівае, — верым, можам, пераможам!
 

Уражаны іспанец падпісаўся на навінавыя тэлеграм-каналы пра Беларусь

Еўрарадыё: Што больш за ўсё запомнілася на Еўрабаскеце?

Раман: Самае галоўнае ўражанне — гэта беларуская дыяспара. Вельмі крутыя хлопцы і дзяўчаты! Некаторыя з Валенсіі, некаторыя прыехалі з Таледа, да паўфіналу прыязджалі з Мадрыда і Барселоны.

Еўрарадыё: З мясцовымі размаўлялі? Пра што?

Раман: Перад матчам да мяне падышлі два іспанцы. Яны пыталіся, чаму на арэне ў Беларусі чырвона-зялёны сцяг, а мы, беларусы, прыходзім з іншым.

Іспанія даволі далёка ад Беларусі і ў цэлым яны мала пра нас ведаюць. Таму ўсякая акцыя беларускай дыяспары прыцягвае ўвагу. Іспанцы пачынаюць даведвацца, што адбываецца ў нашай краіне, жахаюцца, а потым пачынаюць ціснуць на мясцовых іспанскіх палітыкаў, каб яны дапамагалі Беларусі.

Да нас на сектар прыязджалі Вольга і Чаві з Таледа. Чаві — іспанец, які падпісаўся на ўсе навінавыя тэлеграм-каналы пра Беларусь. Ён чытае кожны допіс, перакладаючы яго праз гугл-перакладчык.

Пасля матча мы з ім, напэўна, гадзіну гаварылі пра Беларусь: яму было вельмі цікава пагутарыць з беларусам не з Іспаніі, даведацца, што я думаю пра тое, што адбываецца, якія прагнозы.
 

Рэцэпт найлепшага байкоту

Еўрарадыё: Здаецца, што беларусы страцілі цікавасць да выступлення зборных Беларусі. А як вы ставіцеся да байкоту заўзятараў?

Раман: Ох, гэта самае складанае пытанне, на якое няма адназначнага адказу. Напрыклад, супраць хакейнай зборнай Беларусі хварэла, напэўна, ледзь не ўся краіна — і я ўпершыню бачыў такую аднадушнасць. Таму што хакей проста асацыюецца з гэтым рэжымам.

Да футбалістаў таксама вельмі шмат пытанняў і прэтэнзій, у асноўным за іх маўчанне. Таму многія заўзятары адмаўляюцца ад падтрымкі зборнай і клубаў.

Калі шчыра, я не ўпэўнены, што байкотам можна чагосьці дасягнуць. Напрыклад, футбалісты БАТЭ ці "Дынама" падпісалі праўладны ліст за гвалт — а на трыбунах не засталося фан-сектара, які можа выказаць ім сваё стаўленне да такога ўчынку.

На мой погляд, найлепшым "байкотам" было б сабраць пяць-шэсць тысяч на сектары і гучна заявіць сваю пазіцыю. Але байкот — гэта выбар, які ў кожным разе мае права на жыццё.

Заўзятары "Крумкачоў" не байкатуюць матчы сваёй каманды. Некаторыя асуджаюць іх за гэта, але, на мой погляд, адмова ад байкоту гэта лёгка растлумачыць. Бо, у адрозненне ад іншых клубаў, "вораны" не падвялі сваіх заўзятараў, а проста і сумленна заявілі пра сваю пазіцыю.

Вяртаючыся да жаночай зборнай Беларусі па баскетболе, з якой мы пачыналі: за гэту зборную ў маім светапоглядзе дагэтуль можна хварэць. Бо ў складзе гуляюць тры падпісанткі за сумленныя выбары, дый астатнія дзяўчаты адмаўляліся падпісваць ліст за гвалт, акрамя адной. Гэта таксама выказванне пазіцыі.

І я вельмі хачу верыць, што дакладна гэтаксама, як мы хварэем за жаночую зборную Беларусі па баскетболе, мы зможам хварэць і за іншыя каманды — без пачуцця сораму, але з пачуццём гонару.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.