Канапацкая: Міністр прапанаваў мне стаць пасярэднікам паміж уладай і апазіцыяй

Канапацкая: Міністр прапанаваў мне стаць пасярэднікам паміж уладай і апазіцыяй

4 красавіка дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая сустрэлася з  міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам. Па словах дэпутата, найперш абмяркоўвалася пытанне свабоды СМІ і сітуацыя з блакіроўкай незалежных сайтаў.

Ганна Канапацкая: “Галоўнае пытанне, якое я яму задавала, гэта пытанне незалежнасці сродкаў масавай інфармацыі. А таксама казала пра неабходнасць скасавання права на закрыццё сродкаў масавай інфармацыі ў пазасудовым парадку і ўздымала пытанне аб’ектыўнасці ацэнкі працы сродкаў масавай інфармацыі, а не так як у нас ― палітычна матываванай”.

У адказ міністр інфармацыі запэўніў Ганну Канапацкую, што яны гатовыя да шырокага абмеркавання прапанаваных Мінінфармам правак і змен у закон “Аб СМІ”. Прычым, не толькі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, але і са сродкамі масавай інфармацыі.

Днямі Мінінфарм перадаў у Палату прадстаўнікоў праект зменаў у закон “Аб СМІ”. Сярод іншага, там прапануецца забараніць ананімнае каментаванне на сайтах і форумах ды ўвесці “добраахвотную рэгістрацыю” ў якасці СМІ для інтэрнет-рэсурсаў.

Як паведаміў Еўрарадыё старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, у іх ёсць час да 9 красавіка, каб накіраваць у парламент свае заўвагі да згаданага законапраекта. Па словах Ганны Канапацкай, калі прапановы і заўвагі, датычныя правак у закон “Аб СМІ”, будуць накіраваныя ёй, то як дэпутат яна мае права прапаноўваць іх унясенне ў законапраект цягам усяго яго разгляду ў парламенце ― да таго моманту, як яго прымуць у другім чытанні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі