Вы тут

Канадскія, але з расійскімі каранямі: што за вадамёты выкарыстоўвае МУС Беларусі

Вадамёты "Драпежнік" у Мінску / Wikimedia

4 кастрычніка МУС Беларусі трэці раз за апошнія два месяцы ужыў у Мінску вадамёты супраць пратэстоўцаў. Але нешта пайшло не так. Пратэстоўцы без цяжкасцяў "ускрылі" вантробы вадамётаў, дасталі каністры з фарбавальнай вадкасцю і пажарны гідрант. Помпа адной з машын была пашкоджана, пасля чаго фантан ударыў метраў на 20 угору праз тэхналагічны люк.

Вадамёт "папярэдняга пакалення", які "падмяніў" зламаную машыну, пратэстоўцаў не спыніў — але хоць бы працаваў спраўна.

Чым растлумачыць канфуз з вадамётамі? Чаму гэтыя машыны аказаліся такія ўразлівыя? Нарэшце, адкуль яны ўзяліся, колькі каштавалі і як апынуліся ў Беларусі?
 

Канадскія, але з расійскімі каранямі

Вадамёты зроблены канадскай кампаніяй Streit Group, якая была заснавана расіянінам Германам Гутаравым у 1992 годзе. Цяпер Гутараў — канадскі грамадзянін, але пражывае ў асноўным у ААЭ.

Streit Group абыходзіць канадскія эмбарга на пастаўкі зброі, паколькі асноўная вытворчасць знаходзіцца па-за Канадай. Цяпер у кампаніі 12 прадпрыемстваў і 25 офісаў па ўсім свеце. У тым ліку ў ААЭ, Турцыі, Іарданіі, ЗША і Расіі (прадстаўніцтва кампаніі называецца "Стрэйт Кама" і знаходзіцца ў Набярэжных Чаўнах). Але захоўваюцца да гэтага часу і вытворчыя магутнасці ў канадскім мястэчку Мідланд, Антарыа.
 

Праблемы з законам

Герман Гутараў да гэтага часу асабіста кіруе Streit Group. Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) абазначае яго як "асобу або кампанію, звязаную са злачыннай дзейнасцю". ААН неаднаразова абвінавачвала кампанію ў абыходзе эмбарга на пастаўкі зброі.

Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) абазначае яго як "асобу або кампанію, звязаную са злачыннай дзейнасцю".

Канадскае выданне Globeandmail правяло расследаванне пра тое, як кампанія змагла паставіць спецтэхніку ў гарачыя кропкі — у абыход санкцый. Streit Group прадавала ўзбраенне ў многія канфліктныя зоны. Яе бізнес-інтарэсы сканцэнтраваны на рынках краін трэцяга свету, перш за ўсё ў Азіі і Афрыцы.
 

З кім гандлюе Streit Group

У 2014 годзе, калі на ўсходзе Украіны пачалася вайна, лёгкія браняваныя аўтамабілі Spartan і Cougar, якія па ліцэнзіі Streit Group збірае КрАЗ, сталі пастаўляцца ўкраінскім узброеным сілам.

У ліпені 2015 года грэцкія ўлады затрымалі партыю браняваных аўтамабіляў, якая накіроўвалася ў Лівію з ААЭ. І гэта нягледзячы на эмбарга на імпарт узбраенняў, якое дзейнічае супраць Лівіі.

У верасні 2015 года федэральны ўрад ЗША наклаў штраф у памеры $3,5 млн на амерыканскі філіял Streit Group за незаконную перадачу браняваных аўтамабіляў у іншыя краіны. Напрыклад, згодна з дакументамі, Streit Group у 2008 годзе перадала свайму філіялу ў Венесуэле браняваныя аўтамабілі коштам $743 тысячы. Таксама кампанія адправіла ў ААЭ не менш за восем бронемашын на агульную суму $2,4 млн.
 

Связь с белорусским ВПК

У 2014 годзе беларускі Цэнтр навуковых даследаванняў і вытворчасці, які займаецца распрацоўкай і вытворчасцю процітанкавых кіраваных ракетных комплексаў, сумесна з канадскай Streit Group прэзентаваў бронемашыну Warrior, абсталяваную беларускім ПТРК "Шэршань-Д". Пазней гэтыя комплексы пастаўляліся на ўзбраенне арміі Азербайджана.​

Бронеаўтамабіль Warrior вытворчасці Streit Group з беларускім ПТРК "Шэршань"

У 2016 годзе на міжнародную выставу ўзбраенняў, тэхналогій бяспекі і сродкаў абароны Еurosatory ЦНДВ прывёз мабільны ПТРК "Шэршань".
 

Калі Беларусь закупіла вадамёты?

Інфармацыя пра тое, што ў распараджэнне МУС паступілі новыя вадамёты, з'явілася яшчэ ў 2015 годзе, незадоўга да мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Тады сілавікі гэта ніяк не пракаментавалі.

Вадамёты на Дзень Волі 25 сакавіка праехаліся па праспекце Незалежнасці / TUT.by

Мадэль вадамёта

Сярод машын канадска-эмірацкай кампаніі Streit Group ёсць дзве мадэлі вадамётаў. Вытворца робіць вадамёты на розных платформах: Mercedes, MAN, IVECO і нават КАМАЗ. У беларускага МУС на ўзбраенні стаіць мінімум тры машыны на базе IVECO.

Тэхнічныя характарыстыкі беларускіх мадэляў нідзе не публікаваліся. Але калі паглядзець на ўзоры вадамётаў на сайце вытворцы, то можна скласці прыкладную карціну.

Першая мадэль называецца Riot Control. Машына абсталявана магутнымі дыстанцыйна кіраванымі вадамётамі рознанакіраванага дзеяння і рэзервуарам для вады аб'ёмам 6000 літраў. Ёсць асобныя бакі для залівання фарбавальнікаў, пены і іншых дабавак.

Гладкая паверхня не дазваляе ўдзельнікам беспарадкаў залезці на машыну. Яна абсталявана сістэмай падачы слезацечнага газу.

"Аўтамабіль для барацьбы з беспарадкамі мае выдатную манеўранасць, і пры эфектыўным выкарыстанні ён хутка разгоніць нават самы непаслухмяны натоўп без якіх-небудзь смяротных траўмаў", — гаворыць суправаджальны тэкст на сайце вытворцы.

Другая мадэль — Predator Riot Control, ён жа "Драпежнік". Гэта браняваны аўтамабіль. Кабіна кіроўцы браняваная да ўзроўню FB6 — здольная супрацьстаяць кулям і аскепкам гранат. У кабіне ўсталявана балістычнае шкло, браняванае да ўзроўню BR6 і абароненае проціснараднай сеткай.

Predator абсталяваны сучаснай сістэмай кіравання і кантролю, якая ўключае тры вадамёты з дыстанцыйным кіраваннем: два на даху і адзін на пярэднім каўшы-адвале. Вадзяная помпа для гарматы распрацавана нямецкай кампаніяй Ziegler. Вадзяныя гарматы здольныя страляць на адлегласць да 70 метраў.

Рэзервуар для вады ў залежнасці ад мадэлі шасі ад 5 да 12 тысяч літраў, ёсць асобныя бакі для залівання фарбавальнікаў, пены і іншых дабавак. Наперадзе ўсталяваны нож-адвал для ліквідацыі перашкод.

Ёсць камеры дзённага і начнога назірання, сістэма гучнай сувязі са страбаскопамі, а таксама ўбудаваная пажарная сістэма для абароны ад кактэйляў Молатава. Predator можа быць абсталяваны гранатамётам для дымавых гранат і слезацечнага газу, а таксама гукавымі гарматамі.
 

Цана "Драпежніка", пазначаная на B2B бізнес-сайце EC Plaza, — $450 тысяч

Менавіта "Драпежнікі" больш за ўсё падобныя да вадамётаў, пастаўленых для беларускага МУС. У прыватнасці, дызайнам і размяшчэннем вентыляцыйных адтулін. Але беларускія машыны — відавочна спецзаказ, такога вострага нажа-адвалу няма ні ў адной з мадэляў Streit Group. Акрамя гэтага, беларускія машыны могуць быць не абсталяваныя газавай сістэмай абароны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.