Камяніца падвоіла поспех

Атрыманыя грашовая сродкі, як і летась, пойдуць на патрэбы музею і на рэстаўрацыю ўнікальных будынкаў, размешчаных на яго тэрыторыі.

Цягам шасці гадзін на фестывалі выступілі беларускія этна-гурты розных накірункаў: Akana, Guda, Бан-Жвірба, Маланка-Аркестр,Троіца, Палац і адмысловы госць – Лявон Вольскі.
Такой колькасці людзей, безумоўна, паспрыяла і цудоўнае сонечнае надвор’е суботняга дню. Людзі прыязджалі ў Строчыцы сем’ямі, з сябрамі і нават з маленькімі дзеткамі.
Цудоўны фестываль! – кажа адзін з наведвальнікаў. – І вельмі удалае месца, вельмі атмасфернае – так атрымалася, што нам адразу ўсё тут спадабалася і захацелася застацца. Этна-музыка выдатна падыходзіць для такіх краявідаў”.
Так музыка на “Камяніцы” стварала настрой і дапаўняла маляўнічае наваколле, а музыкі, у сваю чаргу, адзначалі, што ім вельмі дапамагае такая энергетыка, што ідзе ад публікі перад сцэнай.
Бан-Жвірба
“Адразу перадаецца настрой людзей, якія прыязджаюць сюды не толькі музыку паслухаць, а таксама прыходзяць паглядзець усё, што тут ёсць, – кажа Міця Гаўрылін з гурта Бан-Жвірба. – Першымі мы выступаем, ці чацвёртымі, як сёння, наша функцыя – падняць і завесці публіку! Мяркуючы па рэакцыі людзей, нам і сёння гэта ўдалося – народ стаў танцаваць, весяліцца, падышоў бліжэй да сцэны”.
У гэтым годзе ўжо відавочна, што фармат фестывалю больш шырокі, больш прадстаўнічы, яго наведала значна больш людзей. Гэтай думкі прытрымліваецца і лідар гурта Палац, а таксама вядучы фэсту “Камяніца” Алег Хаменка.
Алег Хаменка:Мне здаецца гэты пазітыўны рух, які на сённяшні момант я адчуваю, не можа не радаваць. Дадам толькі, што ўсё тое, што зараз тут адбываецца, яшчэ моцна-моцна дадае жадання марыць, працаваць. Бо фестываль “Камяніца” дазваляе верыць, што ў хуткім часе гэта будзе фэст еўрапейскага ўзроўню”.
Сённяшні фэст і сапраўды дае надзею, што неўзабаве для ўдзелу ў “Камяніцы” прыедуць і замежныя зоркі. Пакуль і арганізатары фестывалю, і яго ўдзельнікі, гавораць пра гэта толькі шэптам: зразумела, што існуе цэлы шэраг пазіцый, якія неабходныя для таго, каб свята стала міжнародным.
Маланка-Аркестр
Алег Хаменка: “Я вельмі спадзяюся, што ўжо ў наступным годзе да нас прыедуць музыкі як мінімум з Украіны і Літвы, і гэта ўжо перавядзе фестываль у статус міжнароднага. Але, пэўна, не аб гэтым трэба зараз гаварыць. Гэта павінен быць такі фестываль, на які лепшыя фальклорныя калектывы Еўропы імкнуліся б прыехаць. І ў “Камяніцы” ёсць для гэтага ўсе шанцы. Як у фальклоры кажуць: “Дай Божа і нашаму цяляці ваўка з’есці!
Маладыя ўдзельнікі фестывалю мараць пра тое, што з часам у “Камяніцы” будзе не адна, а некалькі сцэн, і наведвальнікі такім чынам змогуць знаёміцца не толькі  з традыцыйнымі фольк-гуртамі, але і з самымі рознымі авангарднымі і мадэрн-накірункамі этна-музыкі, а самі музыкі змогуць падзяліцца досведам і павучыцца ў сваіх калег.
Міця Гаўрылін: “Я думаю, што гэты фестываль павінен працягвацца – ён збліжае нашы этна-калектывы. Таму што мы ўсе вельмі розныя, і тым больш цікава паглядзець адно на аднаго, паслухаць, павучыцца. Я думаю, што ў фестывалю, безумоўна, ёсць будучыня, і калі нас запросяць паўдзельнічаць у наступным годзе – мы абавязкова пагодзімся!
Бадай, самы фестывальна дасведчаны ўдзельнік сёлетняй “Камяніцы”“Троіца”. За час існавання гурта Іван Кірчук аб'ездзіў больш 80 фестываляў у самых розных краінах свету. Разважаючы пра будучыню беларускіх фэстаў, Іван Кірчук адзначыў, што фестываль “Камяніца” – вялікі ўнёсак у развіццё беларускай культуры. Але каб фэст стаў сапраўды еўрапейскім, арганізатарам не перашкодзіць крышачку паездзіць па міжнародных імпрэзах, і пазычыць у іх досведу, лічыць музыкант.
Іван Кірчук: “Добра, што фестываль ёсць, што і ў Беларусі гэты фестывальны рух пачаўся. Нам ёсць яшчэ чаму павучыцца: трэба прывучыць моладзь і людзей да таго, што гэты фестываль існуе. Напрыклад, ёсць фестывалі ў Еўропе, якім 20 гадоў, і нават калі там вельмі дарагія квіткі, людзі прыходзяць, таму што ведаюць, што кожны год іх чакаюць новы выступы і новыя гурты. Я шчыра спадзяюся, што такі этна-фестывальны рух зараз пачынаецца і ў нас. Напрыклад, у Канадзе адбываецца 1200 этна-фестываляў у год. Столькі мы, вядома, не зробім, але 20 магло б быць. Беларуская этна-музыка вельмі цікавая за мяжой. Хочацца, каб яна была цікавай і для беларусаў. Фестываль “Камяніца” ўпэўнена заяўляе, што гэта магчыма”.
Леанід Паўлёнак, які ў мінулым годзе браў удзел у “Камяніцы” ў складзе гурта “Нагуаль”, а сёлета прыехаў з сваёй камандай “Маланка-Аркестр”, адзначае, што цягам гэтага году фестываль значна вырас.
Леанід Паўлёнак: “І ў тэхнічным плане адбылося нейкае развіццё, усё значна лепш арганізавана. А таксама і гукавое аздабленне, і мастацкае. Як вы самі бачыце – людзей у гэтым годзе значна болей. І, вядома ж, вельмі добра абранае месца правядзення фестывалю – гэты музейны комплекс. Гэта трэба захоўваць і развіваць. Бо многія з замежныя этна-гурты хочуць прыехаць да нас з выступам. Таму я вельмі спадзяюся, што хутка вышэйшыя дзяржаўныя чыны звернуць увагу на гэты фэст, і дапамогуць яму развівацца больш шырока і ў розных накірунках”.
Лявон Вольскі
Консул амбасады Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан – вялікі аматар беларускай музыкі і культуры – таксама прыехаў падтрымаць фестываль “Камяніца” і застаўся вельмі ўражаны тым, што ўбачыў.
Стэфан Эрыксан: “На жаль, я не змог прыехаць на “Камяніцу” у мінулым годзе, але сёлета трапіў, і вельмі гэтаму рады. Месца цудоўнае і вельмі падыходзіць для такога фестывалю! Падаецца, зусім блізка ад гораду, але атмасфера ўжо зусім іншая, сапраўды старажытная! З вялікім задавальненнем слухаю гэтую музыку. Усе ўдзельнікі фэсту вельмі таленавітыя і годныя прадстаўнікі Беларусі, беларускай музыкі і культуры. Але іх немагчыма параўноўваць - яны вельмі розныя. Прызнаюся, я натанцаваўся пад Вольскага!”
Акрамя галоўнай сцэны, дзе адбываліся выступы гуртоў, наведвальнікі фестывалю маглі паглядзець экспазіцыю Беларускага дзяржаўнага музею народнай архітэктуры і побыту, пакаштаваць традыцыйныя стравы і напоі ў "Карчме", а таксама набыць традыцыйныя вырабы з саломкі і керамікі, створаныя прадстаўнікамі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі