Вы тут

Камары, кляшчы, багамолы: адкуль гэтым летам столькі назойлівых насякомых

Flickr

Турысты і дачнікі скардзяцца, што камары і авадні сёлета зусім згубілі страх. Назойлівых насякомых столькі, што ў водную вандроўку без тоны рэпелентаў адпраўляцца не варта. Што адбываецца з кліматам і чаму гнюсу з кожным годам становіцца ўсё больш і больш?

"Звычайна на такія працэсы ўплывае клімат, — тлумачыць кліматолаг НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Логінаў.Зараз мы назіраем за зрушэннем кліматычных зон. А для кожнай кліматычнай зоны характэрны свой раслінны і жывёльны свет. Калі мы гаворым, што, дапусцім, зона стэпаў ссоўваецца на нашу тэрыторыю, значыць, раслінны і жывёльны свет гэтай паласы, гэтай зоны павінен праяўляцца на нашай тэрыторыі".

Вучоны тлумачыць: калі раней на тэрыторыі Беларусі было тры кліматычныя зоны, то зараз на поўдні краіны з'явілася чацвёртая, для якой характэрныя больш высокія тэмпературы.

"У той жа час першая кліматычная зона вельмі паменшыла свае памеры, — працягвае кліматолаг. — Раней яна займала практычна ўсю Віцебскую вобласць, цяпер — толькі яе паўночную частку, ды і то не суцэльную".

Зрэшты, навуковец не можа ацаніць, ці сапраўды гэтым летам у Беларусі стала больш насякомых. На яго думку, гэта "праблема біёлагаў".

Канапавыя эксперты па клімаце лічаць, што насякомых становіцца больш з-за таго, што ў Беларусі перастаюць гняздзіцца птушкі, якія раней імі харчаваліся. Маўляў, сельскагаспадарчыя тэрыторыі ўводзяцца ў абарачэнне, на іх пачынае працаваць тэхніка і птушкі здымаюцца з наседжаных месцаў.

"Я не заўважыў больш камароў у гэтым годзе, мне, наадварот, здалося, што іх стала менш, — кажа дырэктар ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны" Аляксандр Вінчэўскі.З птушкамі гэта мала звязана. Больш насякомых звычайна з'яўляецца ў выніку нейкіх кліматычных змен. Звычайна птушкі жывуць там, дзе жывуць насякомыя. Калі тэрыторыю выкарыстоўваюць так, што адтуль ляцяць птушкі, то там не будзе і насякомых".

 

Кандыдат біялагічных навук Алег Барадзін лічыць, што год ад году насякомых можа станавіцца то больш, то менш. І гэта не звязана ні са спецыфікай пратручвання палёў, ні з адпужваннем птушак:

"Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра камароў, мошак і сляпнёў. Гэта звычайныя заканамерныя з'явы. Нічога анамальнага тут няма. Гэта проста рэакцыя насякомых на асаблівасці дадзенага года з гідралагічнага пункту гледжання. Больш вільготныя ўмовы ў перыяд выплоду ўплываюць на масавы выхад насякомых. Калі ў гэты час там апынуцца турысты, яны іх, вядома, заўважаць. Так было заўсёды".

Кляшчы вандруюць па Беларусі на сабаках

Пытаем Алега Барадзіна пра насякомых, быццам бы не характэрных для Беларусі. Такіх як багамолы, якіх пагодлівым летнім днём зараз можна сустрэць нават у Мінску.

"Яшчэ сто гадоў таму багамолы рэгістраваліся толькі на поўдні Беларусі, — адказвае навуковец. — Цяпер яны сустракаюцца па ўсёй тэрыторыі аж да Прыбалтыкі. Сярод фактараў — цёплыя зімы, шмат дзён з тэмпературай у межах нуля. Некаторыя насякомыя рэагуюць на гэтыя змены станоўча, могуць перазімаваць. А некаторым, напрыклад пчолам, такія ўмовы не падыходзяць.

У сярэдзіне пазамінулага стагоддзя на поўначы Беларусі рэгістраваліся такія віды, якія цяпер мы рэгіструем толькі па поўдні. Гэта паўтары тысячы відаў, якіх у нас у Беларусі называюць "скочкамі" — усё дробнае, што скача. Калі людзі іх заўважаюць, то гэта выдатна. Гэта паказчык нармальнага стану прыроды, якая нармальна рэагуе на зменлівыя ўмовы".

Але багамолы практычна не ўяўляюць небяспекі для чалавека, у адрозненне ад кляшчоў, якія пераносяць смяротныя хваробы. Раней мы іх як быццам не заўважалі, таму што іх колькасць кантралявалася больш жорстка — пратручваліся натуральныя экасістэмы.

Аднак, на думку Алега Барадзіна, да гэтага пытання трэба падыходзіць вельмі асцярожна:

"Калі выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі і рэчывы для гэтых мэт, мы заб'ём усё, што ёсць, — перакананы спецыяліст. — Будзем хадзіць у пустыню. Гэта вельмі тонкая працэдура. Трэба знайсці залатую сярэдзіну".

Да таго ж сёння людзі сталі больш падарожнічаць са сваімі хатнімі гадаванцамі. Кляшчы ў велізарнай колькасці "прыязджаюць" у горад на сабаках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.