Вы тут

Каля парламента сабраліся актывісткі руху "Маці-328" (фота, відэа)

Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Раніцай 2 красавіка каля парламента сабраліся актывісткі руху "Маці-328". У аўторак пачынаецца вясновая сесія працы Палаты прадстаўнікоў. Жанчыны дамагаюцца, каб быў разгледжаны законапраект аб унясенні змяненняў у наркатычны 328-ы артыкул (па частках 2 і 3 прапануецца знізіць ніжні парог пакарання на 2 гады). Раней ён быў адпраўлены на ўзгадненне ў МУС і Вярхоўны Суд. Удзельнікі руху спадзяюцца атрымаць тлумачэнні ад старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі. Нагадаем, напрыканцы восеньскай сесіі парламента дэпутаты вырашылі адкласці разгляд паправак у 328-ы артыкул да цяперашняй сесіі.

Вось што распавяла Еўрарадыё удзельніца руху Ліяна Шуба: "У Палату прадстаўнікоў законапраект паступіць на момант разгляду ў другім чытанні закона аб допінгу. Сёння яны будуць разглядаць закон аб допінгу ў першым чытанні. Плануецца да канца сесіі разгледзець у другім чытанні разам з папраўкамі ў 328-ы артыкул. Гэта азначае, што ў рамках гэтай сесіі Савет Рэспублікі не паспее зацвердзіць гэтыя папраўкі ў 328-ы артыкул. І адпаведна яны не паступяць на подпіс да прэзідэнту. І зноў на паўгода будзе адкладзена прыняццё гэтага закона. Мы хочам паскорыць гэты працэс і даведацца, хто канкрэтна адказны за ўнясенне ў Палату прадстаўнікоў на разгляд паправак у 328-ы артыкул. Таму што ёсць засцярога, што зноў гэта ўсё штучна зацягваецца".

З жанчынамі паразмаўляў загадчык аддзела па падрыхтоўцы законапраектаў і ўзаемадзеянні з камісіяй па нацбяспецы Андрэй Броннікаў. Ён распавёў, што на просьбу Адміністрацыі прэзідэнта збірае прысуды па згаданым артыкуле. Іх збіраюцца паглядзець юрысты.

З актывісткамі руху паразмаўляў член пастаяннай камісіі па нацбяспецы Васіль Чэкан. Паводле яго слоў, у законапраекта яшчэ няма ўзгадненняў усіх зацікаўленых органаў.

Загадчык аддзела па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Віктар Сазон паведаміў родным асуджаных па артыкуле 328, што з раніцы законапраект аб змякчэнні пакарання па частках 2 і 3 дадзенага артыкула знаходзіцца ў парламенце. Аднак дэпутат і член камісіі па нацбяспекі Васіль Чэкан зноў выйшаў да сваякоў з іншай інфармацыяй: зараз праект нібыта знаходзіцца на подпісе ў Саўміне.

Няясна таксама і тое, узгоднены ён ці не (МУС выступіла супраць). У выпадку ўхвалення Саветам міністраў законапраект адправяць на ўзгадненне ў Вярхоўны суд (ён таксама быў супраць). Чэкан не змог патлумачыць, ці будзе пярэчанне Вярхоўнага суда перашкодай для разгляду законапраекта ў Палаце прадстаўнікоў.