Вы тут

Каля 65 тысяч долараў штрафу налічылі ўдзельнікам акцый у падтрымку незалежнасці

spring96.org

Праваабаронцы падвялі вынікі судоў, на якіх разглядаліся справы ўдзельнікаў акцый у абарону незалежнасці Беларусі. 

Мірныя акцыі супраць так званай "паглыбленай інтэграцыі" Беларусі і Расіі прайшлі ў Мінску ды іншых гарадах. Самай масавай, па падліках назіральнікаў, стала акцыя 20 снежня — больш за 1500 чалавек. 

Як падлічылі праваабаронцы "Вясны", за ўдзел у гэтых акцыях з 26 снежня 2019 года па 25 лютага 2020-га прайшлі 202 суды. Толькі ў адзінкавых выпадках справы былі спыненыя або скончыліся папярэджаннем, пераважна суддзі прызначалі адміністрацыйныя арышты або вялікія штрафы. 

Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя 132 чалавекі. Агульная сума штрафаў склала 144 993 рублі (амаль 65 000 долараў). 13 удзельнікаў акцыяў былі асуджаная агулам на 375 сутак арышту. 

Рэкардсменкай па велічыні штрафаў стала віцяблянка Алена Янушкоўская. Яе судзілі шэсць разоў за мінскія і віцебскую акцыі пратэсту, а таксама за заклікі да іх. Агульная сума штрафаў — 4590  рублёў.

Крыху меншую суму штрафаў прысудзілі актывісту незарэгістраванага “Маладога фронту” Віталю Трыгубаву — 4575 рублёў пасля чатырох судоў.

Рэкардсменам па атрыманых "сутках" стаў аршанскі блогер Дзмітрый Казлоў ("Шэры Кот") — 120 сутак (восем судоў па 15 сутак). 26 з іх хлопец ужо адбыў, 94 — яшчэ не.

На другім месцы па колькасці атрыманых сутак — лідар руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык. Па трох судах яму прызначылі 45 сутак арышту. Сіўчыка, як і “Шэрага ката”, могуць у любы момант затрымаць і адправіць адбываць суткі.

Таксама 45 сутак прысудзілі лідару БХД Паўлу Севярынцу, ён адбыў 15 з іх. 

spring96.org
spring96.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.