Кальмары “Пад Піва”

120606 Agljadacha.mp3

Бярозаўскі ска-гурт “Кальмары” нарэшце выдаў сваю дэбютную кружэлку “Пад піва”, якая стала вынікам пяцігадовага існавання каманды. Па словах музыкаў, усе трэкі альбома стануць найлепшым дадаткам да пеннага напою. Праўда, не ведаю, ці сапраўды здолее гурт “Кальмары” цалкам заняць месца сваіх марскіх цёзак, але добры настрой і звонкае чоканне піўных куфляў пад іх песні дакладна забяспечаныя.

Творчасць “Кальмараў” можна смела назваць блазнерствам, якое вельмі нагадвае тое, што робіць “Разбітае сэрца пацана” ды рабіў “малады” “Ляпис Трубецкой”. Розніца хіба ў тым, што спяваюць хлопцы на беларускай мове, а не на трасянцы, ці рускай. Натуральна, сюды можна яшчэ дадаць і выкарыстанне акардэону, хоць у “Ляпісаў” ён таксама часам з’яўляўся.

Як і ў большасці гуртоў з такой стылістыкай, на альбоме не абышлося без песень-прысвячэнняў калдырам (“Калдыры”), сантэхнікам (“Сантэхнік Вася”), ды бамжам (“Бамжы”). І зноў жа, як і ў большасці падобных песень, лірыка – прасцей не прыдумаеш: “У кожным двары ёсць калдыры, для іх не бывае дрэннай пары…”, ці “…але дзяўчаты Васю не кахалі, і ён дзяўчат таксама не кахаў, Яны заўсёды побач прабягалі, і ён таксама побач прабягаў…”, ці “…мне бы трошкі паесці хто даў, бо я ежы не бачыў даўно. Я б тады увесь час вам спяваў! Няма шчасця ў мяне ўсё адно…”. Хоць, цалкам магчыма, што такую стылістыку напісання тэкстаў хлопцы абралі, каб і героі іх песень маглі разумець пра што гаворка. Бо нягледзячы на прастату, “Кальмары” ўсё ж пратэстуюць ды спрабуюць неяк змяніць сітуацыю: “Колькі можна ўжо піці, лепей ешце болей, людзі! І тады ўсё будзе добра, і тады ўсё добра будзе!...”

Аранжыроўкі ды мелодыі гурта – дастаткова простыя. Акардэон, пра які мы ўжо ўзгадвалі, дадае сваю разыначку ў гучанне, але збольшага гэта звычайны бадзёры танцавальны ска. Тут варта дадаць, што песні “Кальмараў” з лёгкасцю ўбіваюцца ў галаву і потым з цяжкасцю адтуль выкідаюцца. Праўда, калі слухаць альбом “Пад піва” ад пачатку да канца, то наўрад ці што-небудзь канкрэтнае застанецца, бо агульная стылістыка песень вельмі падобная. А вось, калі іх перамяжаць чымсьці іншым, то спяванне пад нос цягам некалькіх гадзінаў гарантаванае.

Цалкам незразумела, навошта музыкі вынеслі тры трэкі ў бонусы. Бо гэтыя песні нічым не адрозніваюцца ад асноўных адзінаццаці. Калі канцэпцыя альбома вызначаецца яго назвай, то і “Бадмінтон”, і “Імпарт-экспарт”, і “Ён і Яна” цалкам ёй адпавядаюць. Карацей, у якасці фонавай музыкі пад сяброўскае застолле дэбютны дыск “Пад піва” гурта “Кальмары” смела можна выкарыстоўваць. Але калі ацэньваць альбом па дзесяцібальнай шкале, то максімальная адзнака будзе “шэсць”. Усё ж бярозаўскія весялуны – канцэртная каманда, а не студыйная, і зараз гэта стала відавочным.

Трэк-ліст "Кальмары" - "Пад Піва" (Вігма-2012):
01. Кальмары
02. Хлопчыкі з Бярозы
03. Жоўтыя тухлі
04. Чырвоны капялюш
05. Калдыры
06. Амбрэла
07. Сантэхнік Вася
08. Бамжы
09. Пакаленне Пэпсі-Кола
10. Выпускніцы
11. Паш

Бонусы:
01. Імпарт-Экспарт
02. Бадмінтон
03. Ён і яна

Удзельнікі:
Сяргей Машковіч - вакал
Максім Літвінец - вакал
Алесь Лютыч - бубны
Аляксей Цуркан - труба
Алесь Яровіч - акардыён
Генадзь Чарныш - гітара
Максім Шолахаў - бас-гітара

Запіс, звядзенне, майстрынг:
Студыя "Таксафон" (2011), гукарэжысёр Павел Яноўскі.
Бонусы: Студыя "Толькіўтоліка" (гукарэжысёр А.Харытонаў), студыя "Таксафон".

Вокладка:
Анастасія Сушчэвіч - фота
Яўген Бузоўскі - дызайн

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі