Калі няма крымінальных спраў, то няма і судовых злоўжыванняў?

Як стала вядома Еўрарадыё, беларускія суддзі нічога не ведаюць пра рэзалюцыю аб злоўжываннях у сістэме крымінальнага правасуддзя Беларусі, прынятую Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы, бо яе не друкавалі ў афіцыйных СМІ. Факты злоўжывання адмаўляюць, бо яны не пацверджаныя крымінальнымі справамі. Нагадаем, што рэзалюцыя ПАСЕ прымалася пасля справаздачы, падрыхтаванай дэпутатам Хрыстасам Пургурыдэсам. У ёй зазначаецца, што ў сістэме крымінальнага правасуддзя Беларусі на працягу апошніх гадоў назіраюцца шматлікія злоўжыванні. Некаторыя прадстаўнікі апазіцыі зніклі, мірных дэманстрантаў збівала міліцыя, а дзеянні няўрадавых арганізацый разглядаюцца судамі як крымінальныя злачынствы. Юрыдычны камітэт ПАСЕ заклікаў спыніць гэтую практыку, скасаваць несправядлівыя законы. У галасаванні ўдзельнічалі 69 дэлегатаў. За рэзалюцыю выказаліся 56 удзельнікаў галасавання, 11 чалавек прагаласавалі супраць і 2 чалавекі ўстрымаліся.

Еўрарадыё звярнулася ў беларускія суды з просьбай пракаментаваць абвінавачанні ў іх адрас аб злоўжываннях. Але, як высветлілася, суддзі не тое, што пра свае злоўжыванні, а і пра прынятую рэзалюцыю нічога не ведаюць. Памочнік старшыні Мінскага абласнога суда Віктар Яцко прызнаўся Еўрарадыё, што яму было б цікава азнаёміцца з гэтым дакументам.

Віктар Яцко:
“Гэтая рэзалюцыя ў сродках масавай інфармацыі, якія мы выпісваем, не публікавалася. Нам яе не даводзілі, таму нешта казаць па ёй… Трэба было б пачытаць. Хто там дакладчыкам быў? Грэк гэты, Пургурыдэс, здаецца, яго прозвішча? Нейкія факты ён прыводзіў жа, бо любая рэзалюцыя павінна на нешта спасылацца. Калі б можна было пачытаць і абмеркаваць яе… А так я б і хацеў вам на гэты конт нешта сказаць, але, магчыма, увяду ў зман сваім меркаваннем. А грамадзянскую пазіцыю магу пасля 18 гадзінаў выказаць, як праца скончыцца”.

Памочнік старшыні Гродзенскага абласнога суда Руслан Гурын не толькі не ведаў пра рэзалюцыю ПАСЕ, але, па яго словах, нічога не чытаў у беларускіх СМІ пра злоўжыванні суддзямі сваімі паўнамоцтвамі. З-за чаго зрабіў выснову, што ніхто ні чым не злоўжывае.

Руслан Гурын: “Я, да прыкладу, нават нічога не чуў праз нашы СМІ такой інфармацыі, што нашы суддзі злоўжываюць уладай і г.д. Нашы суддзі ўладай не злоўжываюць – такі просты адказ я магу даць вам у якасці каментару”.

На пытанне аб тым, што б ён сказаў еўрапейскім парламентарыям у адказ на абвінавачанні суддзяў у злоўжываннях, намеснік старшыні па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда Анатоль Тозік адказаў, што запрасіў бы таго парламентарыя для размовы ў свой кабінет. А намесніца старшыні Мінскага гарадскога суда Святлана Акулава, якая паскардзілася, што ім пра пасяджэнне Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы нічога не паведамлялі, зазначыла, што казаць пра злоўжыванні можна толькі тады, калі па гэтым факце распачата крымінальная справа. А раз такіх спраў у Беларусі няма, то і злоўжыванняў таксама няма.

Святлана Акулава: “Кожнае злоўжыванне – гэта крымінальнае злачынства. І пра яго можна казаць, як пра нейкае злоўжыванне, калі ёсць крымінальная альбо іншая справа. А як можна беспадстаўна такія рэчы заяўляць. Калі ёсць злоўжыванні – ёсць крымінальная справа. Няма крымінальнай справы – няма і злоўжыванняў. А калі гэта не пацверджана ніякімі дадзенымі, то якія могуць быць каментары на заяву?!”

Нагадаем, у рэзалюцыі Парламенцкая асамблея заклікае Беларусь неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, а таксама адмяніць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У дакуменце змяшчаецца зварот да беларускіх суддзяў, пракурораў і міліцыянтаў з заклікам праявіць асабістую смеласць, каб змякчыць эфекты такога заканадаўства. Шкада, што да суддзяў той зварот не патрапіў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі