Кабякоў – прэм’ер-міністр ці выканаўца абавязкаў прэм’ера?

У апошнія дні 2014 года кіраўнік краіны прызначае новага прэм’ер-міністра і старшыню Нацбанка. Адпаведны ўказ падпісаны 27 снежня. І ўжо з 30 снежня Пастановы Саўміна пачалі выходзіць за подпісам “прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова”. Так ён пазначаны і на сайце гэтай установы.
 
 
Не інакш як “старшыня праўлення” называюць на сайце Нацбанка Паўла Калаўра. Ці маюць яны права пісаць так свае пасады ўжо сёння?
 
 
Чытаем Канстытуцыю: “Прэм’ер-міністр прызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь са згоды Палаты прадстаўнікоў. Рашэнне па гэтым пытанні прымаецца Палатай прадстаўнікоў не пазней чым у двухтыднёвы тэрмін са дня ўнясення прапановы па кандыдатуры прэм’ер-міністра”. Апошнее пасяджэнне дэпутатаў прайшло 19 снежня, адпаведна, сваёй згоды на прызначэнне Кабякова прэм’ерам яны не давалі!
 
 
 
 
Як стала вядома Еўрарадыё, пазачарговае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі прызначанае на 15 студзеня. Найхутчэй, разважае дэпутат Алена Астапюк, на ім будуць разглядацца “кадравыя пытанні”. Атрымліваецца, удакладняем у парламентарыя, што афіцыйна Кабякоў не прэм’ер, а Калаўр не старшыня праўлення, яны – выканаўцы абавязкаў? 
 
 
Алена Астапюк: “Я зараз у сваёй акрузе, у Гомелі, і таму не вельмі арыентуюся: выканаўцы яны абавязкаў ці ўжо на пасадзе”.
 
 
Еўрарадыё: “Але калі дэпутаты на прызначэнне сваёй згоды яшчэ не давалі…”
 
 
Алена Астапюк: “…то, напэўна, – выканаўцы абавязкаў”.
 
 
Удакладняем пасаду Паўла Калаўра ў кіраўніка прэс-службы Нацбанка Аляксандра Цімашэнкі.
 
 
Аляксандр Цімашэнка: “Такая, як указана на нашым сайце”.
 
 
А на пытанне, ці не трэба было перш дачакацца згоды на прызначэнне ад Савета Рэспублікі, адказвае: “Я не юрыст, таму вам на гэтае пытанне адказваць не буду”.
 
 
 
З такім жа пытаннем звяртаемся да прэс-сакратара прэм’ер-міністра Вольгі Доўгай. Яна нават крыху разгубілася.
 
 
Вольга Доўгая: “Ну ён жа прызначаны кіраўніком краіны, як я разумею, – ну вось мы і напісалі”.
 
 
Але ж працэдура прызначэння не звершаная: дэпутаты не далі згоду на прызначэнне прэм’ер-міністра, а сенатары – старшыні Нацбанка! Ці няма тут парушэння Канстытуцыі, цікавімся ў Канстытуцыйным судзе.
 
 
Канстытуцыйны суд: “На сёння ніякіх зваротаў у Канстытуцыйны суд па пытаннях, пра якія вы кажаце, не паступала, а Канстытуцыйны суд не можа сам, па сваёй ініцыятыве, разглядзець”.
 
Ад сябе суразмоўца Еўрарадыё дадае: “Упэўнены, што ўсе працэдуры будуць выкананыя, і не зусім правільна шукаць тут нейкі падтэкст”.
 
 
Але ж мы ніякага падтэксту і не шукаем! Проста лічым, што, як любяць казаць самі чыноўнікі, “працэдура прызначэння на пасаду” павінна быць пройдзена да канца. І пакуль не сабраныя ўсе подпісы па загадзе аб прыёме на працу, ты – выканаўца абавязкаў.
 
 
“Будуць усе подпісы,” – супакойвае загадчык кафедры канстытуцыйнага права юрфака БДУ Рыгор Васілевіч.
 
 
Рыгор Васілевіч: “У Канстытуцыі зафіксавана, што прэзідэнт, сапраўды, прызначае на пасаду прэм’ер-міністра са згоды Палаты прадстаўнікоў, але не ўказана, што размова ідзе пра папярэднюю згоду. Калі б было напісана, што з папярэдняй згоды, тады б былі своеасаблівасці фармулёўкі: выканаўца абавязкаў і гэтак далей”.
 
 
 
Спачатку павінна быць згода ад парламентарыяў і сенатараў, і толькі потым – прызначэнне на пасаду. І згода гэтая, звяртае ўвагу на адпаведную пастанову Палаты прадстаўнікоў юрыст Максім Знак, павінна быць “аформленая пастановай Палаты прадстаўнікоў”.
 
 
Максім Знак: “Згода павінна быць, каб лічылася прызначэнне сапраўдным. Тэарэтычна можна казаць, што калі няма доказаў таго, што працэдура, прадугледжаная Канстытуцыяй, выкананая, то і гэта прызначэнне на пасаду не з’яўляецца правамоцным. Але, як паказвае практыка, пасля таго як такія пытанні паўстаюць, нейкім чынам знаходзяцца пацверджаннi таго, што ўсё было ўзгоднена. Магчыма, нейкае парушэнне тут і ёсць, але ніякіх наступстваў у гэтага парушэння не будзе”.
 
 
Але гэта не ўсё. Паводле Канстытуцыі, згоду на прызначэнне, напрыклад прэм’ер-міністра, неабходна атрымаць не пазней, як праз два тыдні пасля падпісання адпаведнага загаду кіраўніком краіны. Нагадаю, загад гэты выйшаў 27 снежня, а дэпутатаў і сенатараў для разгляду “кадравых пытанняў” збяруць 15 студзеня – а гэта амаль тры тыдні. 
 
 
“Калі што – возьмуць згоду ў кожнага дэпутата і кожнага сенатара ў пісьмовых выглядзе”, – усміхаецца Максім Знак.
 
Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі