Вы тут

Кабякоў прапанаваў абвясціць 2019 год Годам адукацыі Беларусі і Кітая

Фота: government.by

Андрэй Кабякоў прапанаваў абвясціць 2019-ы — Годам адукацыі Беларусі і Кітая. Такую прапанову ён агучыў падчас афіцыйных перамоваў з намеснікам старшыні КНР Ван Цішанем.

"Летась мы разам з маім калегам прэм'ерам Дзяржсавета КНР Лі Кэцянам абвясцілі 2018-ы — Годам турызму Беларусі ў Кітаі. Прапаную зрабіць тэматычныя гады супрацоўніцтва добрай традыцыяй і абвясціць 2019 год Годам адукацыі Беларусі і Кітая", — цытуе прэс-служба ўрада словы Кабякова. 

Прэм'ер-міністр падзякаваў кітайскаму боку за выдачу Беларусі бязвыплатнай тэхнічнай дапамогі для стварэння шэрагу аб'ектаў. Па яго словах, гэта неацэнная дапамога, пагатоў што яна выдаецца не толькі грашыма, але таксама досведам і тэхналогіямі.

Ван Цішань у сваю чаргу адзначыў, што старшыня КНР Сі Цзіньпін надае вялікае значэнне сяброўскім адносінам паміж Кітаем і Беларуссю. Таму Беларусь стала першай краінай для замежнага афіцыйнага візіту Ван Цішаня на цяперашняй пасадзе.