Каб дадаць паўнамоцтваў Канстытуцыйнаму суду, краіна пойдзе на рэферендум?

Эксперты лічаць, што перагледзець паўнамоцтвы Канстытуцыйнага суда магчыма толькі на рэферэндуме. Але суддзі Канстытуцыйнага суда збіраюцца абыйсці Канстытуцыю. У панядзелак прэзідэнт прапанаваў пашырыць паўнамоцтвы суддзяў Канстытуцыйнага суда, далучыўшы іх да распрацоўкі і правядзення экспертызы законаў. Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала і старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда Віктар Камянкоў ужо падтрымалі гэтую ідэю. Але, на думку былога намесніка старшыні Канстытуцыйнага суда Валерыя Фадзеева, па дзеючай Канстытуцыі суддзі КС не маюць на гэта права.

Валерый Фадзееў: “Калі пачытаем 116 артыкул Канстытуцыі, мы ўбачым, што задачы Канстытуцыйнага суда - канстытуцыйны кантроль. Гэта значыць – праверка на адпаведнасць прынятых нарматыўных актаў Канстытуцыі. І ўсё”.

На яго думку, каб суддзі КС маглі не толькі распрацоўваць, але і проста даваць экспертную ацэнку законам падчас іх распрацоўкі, неабходна мяняць Канстытуцыю. Альбо праводзіць рэферэндум і перапісваць адзін з яе артыкулаў.

Валерый Фадзееў: “Гэты раздзел, у якім знаходзіцца і 116 артыкул, ён можа быць зменены толькі шляхам рэферэндуму. Але магчымы і іншы варыянт – прымаем новую Канстытуцыю, напрыклад, парламентам. Тады можна абыйсці гэтыя нормы”.

Новы старшыня Канстытуцыйнага суда спадар Міклашэвіч прапановаў яшчэ надзяліць КС паўнамоцтвамі караць чыноўнікаў, якія парушылі Асноўны закон краіны. Па словах Валерыя Фадзеева, гэта ператворыць суд у чарговы орган дысцыплінарнага пераследу, якіх у нас і так хапае.

Валерый Фадзееў: “Зараз ужо кажуць не здымаць, а ставіць пытанне аб іх адказнасці. Я не ведаю, што ў гэта закладаецца, але, на мой погляд, гэта не справа Канстытуцыйнага суда. Ён не павінен быць нейкім органам дысцыплінарнага пераследу”.

Па словах эксперта, лепш было дазволіць звяртацца да Канстытуцыйнага суда звычайным грамадзянам.

Валерый Фадзееў: “Няма інстытуту канстытуцыйнай скаргі, каб грамадзяне маглі наўпрост звяртацца ў Канстытуцыйны суд. Яна ёсць у іншых краінах. Дзяржаўныя органы самі не звяртаюцца з заявамі ў КС, таму ў суддзяў няма зараз асаблівай працы”.

Але на думку дзеючага суддзі Канстытуцыйнага суда Валянціна Шукліна, дазволіць суддзям прымаць удзел у распрацоўцы і экспертызе законаў можна і без рэферэндуму. Хопіць рашэння дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Валянцін Шуклін: “Заканадаўцы маюць права пашыраць кампетэнцыю суда. Проста занясуць змены ў “Кодэкс судаўладкавання і статусу суддзяў” -- і ўсе пытанні!”

Па словах суддзі, Канстытуцыйны суд ужо не збіраецца браць на сябе адказнасць і караць чыноўнікаў - парушальнікаў Канстытуцыі.

Валянцін Шуклін: “У нас ёсць шмат органаў, якія гэтым займаюцца. Ёсць прэзідэнт, які прызначае кіраўнікоў і іх вызваляе. Я не думаю, што КС можа ўмешвацца ў кампетэнцыю прэзідэнта”.

На думку суддзі, грамадзянам дастаткова звярнуцца ў КС праз інстанцыі, якія маюць на гэта права, а не наўпрост.

Валянцін Шуклін: “Шэсць структур маюць права ўносіць прапанову ў Канстытуцыйны суд. Грамадзяне і іншыя юрыдычныя асобы ўносяць прапановы праз гэтыя структуры. Гэта норма, якая дае дастаткова вялікія паўнамоцтвы грамадзяніны выходзіць на Канстытуцыйны суд”.

Звяртаюцца ж да іх, па словах суддзі, так рэдка таму, што ў тых арганізацыях, якія маюць на гэта права, мала кваліфікаваных спецыялістаў, каб разабрацца – з чым можна звяртацца ў Канстытуцыйны суд, а з чым -- не.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі