Каб аздобіць Нясвіжскі замак, у Беларусі выберуць лепшага мастака

Саюз мастакоў ужо абраў 12 творцаў, лепшыя з якіх перамалююць арыгіналы карцін Радзівілаў, што захоўваюцца ў фондах Польшчы і Літвы.
Рэпрадукцыі партрэтаў Радзівілаў, якія перадалі ў Нясвіж нашчадкі славутага роду, не будуць вешаць у партрэтнай зале Нясвіжскага палаца. Да адкрыцця комплексу, якое адбудзецца ў ліпені, мастакі зробяць дакладныя копіі карцін на палатне, што знаходзяцца ў Польшчы ды Літве.
"Істотнага мы там нечага не прыдумваем. Ёсць рэпрадукцыі, перададзеныя польскім бокам, і мы хочам для экспазіцыі ў замку не выстаўляць рэпрадукцыі, а зрабіць якасныя копіі, паколькі гэта палац і аб'ект ЮНЕСКА", —  кажа намесніца дырэктара Нясвіжскага палаца Галіна Кандрацьева.
Нясвіжскі палац —  помнік ЮНЕСКА, таму для яго залаў падыходзяць толькі арыгіналы або копіі карцін. Каб выканаць гэтае патрабаванне, кіраўніцтва палаца звярнулася да Саюза мастакоў. Там абралі 12 чалавек, з якіх выберуць лепшых мастакоў, якія перамалююць партрэты. Але пакуль застаецца фінансавае пытанне.
"Гэта яшчэ толькі жаданне, пакуль нешта канкрэтнае сказаць не магу. І ці будуць грошы ў дзяржавы? Рэч у тым, што гэта помнік ЮНЕСКА, і ЮНЕСКА патрабуе, каб былі копіі —  і дзяржаве прыйдзецца гэта рабіць", — распавялі Еўрарадыё ў Саюзе мастакоў.
Мастак Рыгор Таболіч — адзін з тых дванаццаці чалавек, хто выказаў жаданне працаваць над копіямі. Зараз творцам далі заданні і абіраюць лепшых.
"Яшчэ гэта не распачыналася, толькі пачалі размову весці. Зрабілі там нейкія пробнікі. Я выканаў фрагмент карціны, ён аказаўся ў мяне лепшым з тых, хто рабіў гэты ж самы фрагмент", — распавёў Еўрарадыё мастак.
Адкрыццё комплексу пасля рэканструкцыі плануецца ў ліпені, але грошай і часу, каб зрабіць усё запланаванае, хутчэй за ўсё, не хопіць.
"Да гэтага праекта мы прыступім у наступным годзе. Магчыма, не ўвесь ён будзе рэалізаваны да адкрыцця. Але тое, што працы будуць працягвацца і атрымаецца ў нас выстава партрэтаў Радзівілаў у лаўровым вянку ў партрэтнай зале, — я думаю, што гэта атрымаецца", — падвяла вынік Галіна Кандрацьева.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі