"Ісламскі джыхад" выпусціў 10 ракет перад выбухам у шпіталі — ЦАХАЛ

Пацярпелыя машыны ля шпіталя ў Газе

Пацярпелыя машыны ля шпіталя ў Газе / Reuters

Адказнасць за выбух у шпіталі ў сектары Газа нясе групоўка "Ісламскі джыхад", а не Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ), пра гэта на ранішнім брыфінгу заявіў ізраільскі контр-адмірал Даніэль Хагары. Яго словы прыводзіць ВВС.

Хагары, у прыватнасці, заявіў, што напярэдадні вечарам — перад выбухам у шпіталі — ракеты па Ізраілі запускаў "Ісламскі джыхад". Было выпушчана прыкладна 10 ракет. Гэта было ў 18:59.

Прыблізна ў гэты ж час пачалі паступаць паведамленні пра выбух у шпіталі горада Газа. Паводле Хагары, ХАМАС ведае, што выбух быў вынікам асечкі ракеты "Ісламскага джыхаду", але вырашыў зладзіць "глабальную кампанію ў СМІ", каб абвінаваціць Ізраіль.

"Яны дайшлі да таго, што перабольшылі колькасць ахвяр", — сцвярджае прадстаўнік ЦАХАЛ. Ізраіль таксама апублікаваў відэа з месца здарэння, знятае з дрона. На кадрах, адзначаюць у ЦАХАЛ, няма варонкі, якая паказвала б на ізраільскую ракету. Звычайна пасля выбуху такіх ракет застаюцца варонкі ад 7 да 19 метраў у дыяметры. На месцы выбуху пашкоджаныя толькі машыны і дахі суседніх дамоў.  

Нагадаем, учора ўвечары ракета трапіла ў шпіталь у сектары Газа. Паводле звестак СМІ, загінула і пацярпела больш за 800 чалавек. Дададзім, што сёння ў Тэль-Авіў прыляцеў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, які мае намер задаць ізраільскім уладам "некаторыя жорсткія пытанні" пра планы дзеянняў у сектары Газа.

"Ён будзе задаваць жорсткія пытанні, ён будзе задаваць іх як сябар, як сапраўдны сябар Ізраіля, але ён будзе задаваць ім некаторыя пытанні", — казаў каардынатар па стратэгічных камунікацыях Савета нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі на борце самалёта Air Force One па дарозе ў Тэль-Авіў. Пра гэта пісала агенцтва Reuters.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі